У Інстытуце прыродакарыстання НАН Беларусі загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання, доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей Какарэка і галоўны навуковы супрацоўнік, доктар геаграфічных навук Тамара Кухарчык атрымалі першыя дэталёвыя ацэнкі ўзроўняў выкідаў стойкіх арганічных забруджвальнікаў у навакольнае асяроддзе Антарктыды. Вынікі апублікаваны ў аўтарытэтным навуковым часопісе.
Стойкія арганічныя забруджвальнікі (САЗ) уяўляюць сабой групу таксічных хімічных рэчываў, якія лічацца глабальнай праблемай і рэгулююцца Стакгольмскай канвенцыяй аб САЗ. Нягледзячы на аддаленасць і вельмі абмежаваную дзейнасць чалавека Антарктыда падпадае пад уплыў САЗ, упершыню выяўленых тут у 1970-х гг. Атмасферны перанос САЗ у палярныя раёны, уключаючы Антарктыку, абумоўлены здольнасцю іх лятучых фракцый падвяргацца глабальнаму фракцыяніраванню ўздоўж шыротных тэмпературных градыентаў; на гэтыя працэсы накладаецца ўплыў лакальных крыніц выкідаў. Вывучэнне САЗ у Антарктыдзе мае параўнальна доўгую гісторыю, аднак да гэтага часу ёсць вялікія прабелы ў ведах аб іх лакальных выкідах у навакольнае асяроддзе.
Беларускія вучоныя з Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі ацанілі выкіды асноўных САЗ, што трапляюць у розныя прыродныя асяроддзі лядовага кантынента ў выніку ненаўмыснай вытворчасці дыяксінаў/фуранаў (ПХДД/Ф), а таксама поліхлорбіфенінаў (ПХБ) і гексахлорбензолу (ГХБ) ад асноўных наземных крыніц у Антарктыдзе – дызель-генератарных электрастанцый, ацяпляльных сістэм, мабільных крыніц, спальвання адходаў. Ацэнкі атрыманы для сучаснага перыяду і для канца 1980-х гг. Рэтраспектыўная ацэнка паказала, што за 30-гадовы перыяд у Антарктыдзе выкіды ў атмасферу ПХДД/Ф скараціліся прыблізна ў 13 разоў, ПХБ – у 57 разоў, у першую чаргу за кошт забароны на адкрытае спальванне адходаў у адпаведнасці з патрабаваннямі Пратакола аб ахове навакольнага асяроддзя да Дагавора аб Антарктыцы.
Праведзеныя даследаванні ствараюць аснову для ацэнкі, мадэлявання і прагнозу наступстваў антрапагеннага паступлення САЗ у навакольнае асяроддзе Антарктыкі.
*Sergey Kakareka & Tamara Kukharchyk. Inventory of unintentional POPs emission from anthropogenic sources in Antarctica // Advances in Polar Science. 2022, Vol.33, No 2, pp.156-166. Doi: 10.13679/j.advps.2021.0044