Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.09.2022

Акадэміі навук Беларусі і Башкартастана падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве

21 верасня 2022 года ў рамках Першага міжнароднага кангрэсу «Транспарт і будаўніцтва» ў павільёне кластара беспілотнай авіяцыі Башкірыі падпісана Пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Акадэміяй навук Рэспублікі Башкартастан. Подпісы пад дакументам паставілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч і прэзідэнт Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан Каміль Рамазанаў.

Мэта пагаднення – узмацненне навукова-тэхнічных патэнцыялаў, развіццё і пашырэнне адносін паміж навуковымі ўстановамі Беларусі і Башкірыі, садзейнічанне навуковаму супрацоўніцтву і практычнай рэалізацыі сумесных навуковых распрацовак у галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Як адзначана ў дакуменце, асноўнымі задачамі супрацоўніцтва беларускіх і башкірскіх вучоных з’яўляюцца: стварэнне спрыяльных умоў для арганізацыі сумесных даследаванняў і распрацовак у рамках сумесных праектаў, камерцыялізацыя вынікаў сумеснай дзейнасці ў Рэспубліцы Башкартастан і Рэспубліцы Беларусь. У планах  распрацоўка і рэалізацыя сумесных навуковых і навукова-тэхнічных праектаў, сумесны ўдзел у міжнародных конкурсах і навуковых мерапрыемствах па шырокім спектры навуковых напрамкаў. Вучоныя будуць праводзіць сумесныя стажыроўкі студэнтаў і маладых вучоных, канферэнцыі, семінары, рыхтаваць навуковыя і інфармацыйна-аналітычныя выданні.