Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2022

У Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі адбыўся ІІІ Беларускі біяхімічны кангрэс

6 – 7 кастрычніка 2022 года ў Інстытуце біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі (г. Гродна) адбыўся ІІІ Беларускі біяхімічны кангрэс «Сучасныя праблемы біяхіміі і малекулярнай біялогіі».

Асноўная мэта навуковага мерапрыемства – ацэнка сучаснага стану даследаванняў у галіне біяхіміі і малекулярнай біялогіі ў рэспубліцы, аналіз дасягнутых вынікаў і іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці, вызначэнне далейшага развіцця гэтых навук з улікам сусветнага вопыту і патрэб эканомікі Беларусі, пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва ў розных галінах біяхіміі, абмеркаванне і распрацоўка новых сумесных праграм і праектаў.

З прывітальным словам на Кангрэсе выступілі дырэктар Інстытута к.б.н., дацэнт Кузняцоў А.Я., акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі д.м.н., прафесар Богдан В.Г., першы прарэктар УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», к.б.н., дацэнт Вараб’ёў В.У., член-карэспандэнт НАН Беларусі, д.б.н., прафесар Майсяёнак А.Г. Шэраг работнікаў Інстытута адзначаны Ганаровымі граматамі Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі, а таксама Ганаровымі граматамі і Падзякамі Інстытута.

Даклады пленарнага пасяджэння былі прысвечаны важнейшым вынікам навуковых даследаванняў і распрацоўкам у галіне біяхіміі, нейрахіміі, клінічнай біяхіміі ў неанаталогіі, імунагістахіміі, біяхіміі алкагалізму. У рамках Кангрэса праведзены 4 секцыйныя пасяджэнні: «Біяхімічныя і малекулярныя аспекты прыватнай паталогіі. Лабараторная дыягностыка» (11 дакладаў, уключаючы 2 з РФ); «Біяхімічныя і медыка-сацыяльныя аспекты алкагольнай і іншых залежнасцей» (9 дакладаў, уключаючы 1 з РФ); «Біяхімія ў міждысцыплінарнай інтэграцыі» (10 дакладаў, уключаючы 1 з РФ); «Даследаванні маладых вучоных у галіне біяхіміі і малекулярнай біялогіі» (11 дакладаў).

У рамках Кангрэса адбыўся ІІІ з’езд ГА «Беларускае таварыства біяхімікаў і малекулярных біёлагаў» і пасяджэнне яго Прэзідыума. У рамках з’езда з дакладам «Аб рабоце грамадскага аб’яднання, праведзеных мерапрыемствах, выдадзеных друкаваных працах, дасягненнях» выступіў Старшыня таварыства член-карэспандэнт НАН Беларусі Майсяёнак А.Г.

Усяго ў канферэнцыі прынялі ўдзел 129 даследчыкаў (уключаючы анлайн-удзел). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі навуковых арганізацый (ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі», ДУ «РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека»), ВНУ (УА «ГрДМУ», УА «ГрДУ імя Янкі Купалы», УА «БДМУ», УА «Палескі ДУ», УА «БелМАПА», УА «ВДУ»), устаноў аховы здароўя рэспублікі, Нацыянальнай антыдопінгавай лабараторыі Беларусі, кампаній – вытворцаў лекавых сродкаў і абсталявання (РУП «Белмедпрэпараты», «Фармлэнд», «Тасілена», «Альгімед Тэхна»), галін народнай гаспадаркі рэспублікі (ААТ «Малочны свет», холдынг «Брэстмясмалпрам»). Да работы Кангрэса было прымеркавана выданне першага нумара рэцэнзаванага навукова-практычнага часопіса «Біяхімія і малекулярная біялогія».