Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

19.10.2022

Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам Старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова

18 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам Старшыню Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.

Апярэджваючы размову, кіраўнік краіны адразу даў канкрэтнае даручэнне: «Я прасіў бы вас, каб мы недзе ў лістападзе, калі стане больш свабодна, у канцы лістапада – пачатку снежня вызначыліся і правялі выставу дасягненняў вучоных Акадэміі навук. Мы гэта ўмеем рабіць. Вы не раз гэта арганізоўвалі. Падбяром добрую залу. Не толькі для таго, каб вы справаздачыліся, далажылі аб поспехах, але і каб як мага большай колькасці людзей паказалі, што мы можам. І што навука ў нас многае можа». У якасці варыянта месца для такой экспазіцыі быў прапанаваны выставачны комплекс на праспекце Пераможцаў.

На абмеркаванне падчас сустрэчы быў вынесены праект абноўленага статута Акадэміі навук. У ходзе даклада Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу на тое, што Акадэмія навук перастала быць выключна бюджэтнай арганізацыяй. Работа НАН Беларусі за апошні час зменена ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта, яна строга арганізавана і нацэлена на самастойнае забеспячэнне фінансавымі сродкамі. Быў абмеркаваны і яшчэ адзін важны напрамак, які знаходзіцца ў распараджэнні НАН Беларусі – распрацоўка айчынных аўтамабіляў, а таксама беспілотных лятальных апаратаў.

Як расказаў пасля даклада Уладзімір Гусакоў журналістам, у Беларусі плануюць стварыць канцэрн, які аб’яднае распрацоўшчыкаў і вытворцаў у галіне мікраэлектронікі. У цэлым такую ініцыятыву вучоных улады падтрымалі. Развіццё электратранспарту – адна з актуальных тэм, якую распрацоўваюць айчынныя вучоныя. Старшыня Прэзідыума нагадаў, што ў рэспубліцы ўжо створаны легкавы і грузавы, і нават спартыўны электракар «стопрацэнтнай беларускай распрацоўкі». Падчас сустрэчы была закранута і тэма стварэння ў НАН Беларусі Цэнтра эксперыментальнай і прыкладной вірусалогіі.

Паводле паведамленняў БЕЛТА і www.sb.by