25 кастрычніка 2022 года ў 10.00 на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі (Мінск, вул. Сурганава, 6) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё VIII Беларускага касмічнага кангрэса.
Арганізатары – НАН Беларусі, Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі. З 9 гадзін раніцы 25 кастрычніка 2022 года (падчас работы кангрэса) у холе першага паверха Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі будзе праводзіцца выстава навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння па выніках рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм і праектаў у галіне космасу і экспазіцыя тэхнічнай і навукова-папулярнай літаратуры па касмічнай тэматыцы.
На форуме 25 – 26 кастрычніка 2022 года на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі і Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі (вул. П. Броўкі, 15) плануецца заслухаць больш за 120 выступленняў вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і Узбекістана.
Чакаецца, што ў рабоце кангрэса прыме ўдзел вялікая дэлегацыя з Расійскай Федэрацыі. У Мінск прыедуць прадстаўнікі дзяржкарпарацыі Раскосмас, Расійскай акадэміі навук, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый, занятых у сферы касмічных тэхналогій.
Мэты кангрэса:
– абмеркаванне новых дасягненняў у касмічнай галіне, вызначэнне прыярытэтных напрамкаў развіцця касмічнай дзейнасці;
– умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне касмічных даследаванняў і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі;
– пашырэнне сумесных намаганняў беларускіх і замежных дзелавых колаў, фірмаў, кампаній, вучоных і спецыялістаў, накіраваных на выкананне касмічных праграм і праектаў, аналіз ходу іх рэалізацыі і выбар перспектыўных напрамкаў далейшых даследаванняў;
– развіццё партнёрства ўрадавых і грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў і арганізацый розных формаў уласнасці па выкарыстанні касмічных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах розных галін эканомікі.
Работа кангрэса будзе праходзіць у рамках пяці секцый:
1. Інавацыйныя праграмы, праекты і тэхналогіі ў ракетна-касмічнай галіне. Выкарыстанне вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах розных галін эканомікі.
2. Касмічныя апараты, мэтавая і навуковая апаратура. Сістэмы навігацыйна-часавага забеспячэння, спадарожнікавай сувязі і вяшчання.
3. Сродкі, тэхналогіі і метады апрацоўкі і перадачы даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, геасэрвісы на іх аснове. Штучны інтэлект у касмічных тэхналогіях.
4. Тэхналогіі навучання і падрыхтоўкі кадраў для касмічнай галіны.
5. Цеплафізічныя аспекты практычнай касманаўтыкі, перспектыўныя матэрыялы, элементы і ўстройства для касмічнай тэхнікі.