Дэлегацыя вучоных НАН Беларусі знаходзіцца ва Узбекістане, дзе прымае ўдзел у INNOWEEK.UZ-2022 – Міжнародным тыдні інавацыйных ідэй, які стартаваў 18 кастрычніка.
У рамках гэтага мерапрыемства шырокай грамадскасці і прафесійным колам дэманструюцца дасягненні навукі, высокія тэхналогіі, а таксама інавацыйныя і інвестыцыйныя праекты, якія рэалізуцца ва Узбекістане і іншых краінах. У складзе беларускай дэлегацыі – акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Шумілін, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук Сяргей Шчарбакоў і рэктар Універсітэта НАН Беларусі Марат Жылінскі. Члены дэлегацыі прадставілі ўзбекскім партнёрам магчымасці і навуковы патэнцыял НАН Беларусі. Па выніках перагавораў падпісана Дарожная карта развіцця супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Міністэрствам інавацыйнага развіцця Рэспублікі Узбекістан і Мемарандум аб узаемаразуменні з кіраўніцтвам Цэнтра перадавых тэхналогій. У ходзе візіту беларускія вучоныя правялі сустрэчу з дырэктарам Цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі А. Абдуваліевым і віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан.
У гэтым годзе «InnoWeek.Uz-2022» праходзіць пад дэвізам «Зялёныя інавацыі для ўстойлівага развіцця». У ім прымаюць удзел прадстаўнікі больш чым 50 замежных краін, больш за 100 кампаній і 40 замежных арганізацый. У рамках тыдня праходзяць рэспубліканскі этап марафону тэхналагічнага развіцця Technoways і міжнародны конкурс робататэхнікі InternationalRoboticsChallenge (IRC).