Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.10.2022

Інстытут філасофіі НАН Беларусі правядзе круглы стол да Года гістарычнай памяці, прысвечаны праблеме нацыянальнай ідэі і гістарычнай памяці

Інстытут філасофіі НАН Беларусі ў 15.00 27 кастрычніка 2022 г. праводзіць круглы стол «Праблема нацыянальнай ідэі і станаўленне гістарычнай памяці беларусаў у другой палове ХІХ стагоддзя», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.

Мэта мерапрыемства – выяўленне вытокаў гістарычнай памяці беларусаў на розных этапах айчыннай інтэлектуальнай гісторыі.

Задачы круглага стала: абмеркаванне фарміравання асноўных ідэалагічных кірункаў у грамадска-палітычнай думцы Беларусі другой паловы ХІХ ст.; аналіз структуры гістарычнай памяці, яе функцыянавання ў сістэме штодзённай свядомасці, ідэалогіі, у агульнай сістэме філасофскага спасціжэння свету.

Удзельнікі круглага стала плануюць абмеркаваць наступныя праблемы:
– асноўныя ідэйныя кірункі і філасофскія плыні ў беларускай інтэлектуальнай гісторыі другой паловы ХІХ стагоддзя;
– вытокі гістарычнай памяці беларусаў;
– міжкультурнае ўзаемадзеянне на розных этапах беларускай інтэлектуальнай гісторыі і яго ўнёсак у фарміраванне нацыянальнай філасофіі і гістарычнай памяці беларусаў;
– захаванне гістарычнай памяці ва ўмовах выклікаў першай паловы ХХІ стагоддзя;
– народная мудрасць, этнафіласофія Беларусі і іх сучаснае прачытанне;
– гістарычная памяць у структуры філасофскіх ведаў і штодзённай свядомасці.

Месца правядзення: г. Мінск, вул. Сурганава, 1, корп. 2, аўд. 302.