Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.10.2022

У НАН Беларусі далі старт 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

21 кастрычніка 2022 года ў НАН Беларусі далі ўрачысты старт 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

У гэтым годзе ў Антарктыду адправяцца 12 чалавек пад кіраўніцтвам вопытнага палярніка, кіраўніка Антарктычных экспедыцый Аляксея Гайдашова. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Інстытута прыродакарыстання, ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах»), БДУ, Белгідрамета і інш. арганізацый краіны.

У камандзе – спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (7 чалавек), і тыя, хто адправіцца на Ледзяны кантынент упершыню (5 чалавек):
- Аляксей Гайдашоў – начальнік экспедыцыі;
- Уладзімір Несцяровіч – начальнік сезоннай палявой базы «Гара Вячэрняя»;
- Аляксандр Абатурын – электрамеханік, спецыяліст па ЗКХ і КХ;
- Сяргей Люты – вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасцю харчавання;
- Павел Растоў – галоўны спецыяліст, механік снегаходнай тэхнікі, слесар, зваршчык;
- Уладзіслаў Базылевіч – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - фізік;
- Павел Шаблыка – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - геафізік;
- Мікіта Ізідзераў – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - метэаролаг;
- Віталь Лукін – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - біёлаг;
- Аляксей Барысавец – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - азонаметрыст;
- Кірыл Рабычын – вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік - эколаг;
- Алег Пяшкоў – галоўны спецыяліст, урач-хірург.

Членам экспедыцыі трэба будзе працягнуць абсталяванне нашай станцыі ў раёне гары Вячэрняя, правесці дзясяткі навуковых даследаванняў і эксперыментаў, выканаць тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў у рамках падпраграмы «Развіццё дзейнасці беларускай антарктычнай станцыі» Дзяржаўнай праграмы «Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» на 2021 – 2025 гады.

Як адзначыў, выступаючы на мерапрыемстве, першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык, асноўная мэта сёлетняй экспедыцыі – атрыманне новых значных навуковых вынікаў. «Сярод вас многа навуковых супрацоўнікаў. Упэўнены, наспеў час падрыхтоўкі сур’ёзнай навуковай манаграфіі па выніках навуковых даследаванняў Антарктычных экспедыцый Акадэміі навук», - падкрэсліў Сяргей Чыжык.

Кажучы пра навуковыя вынікі, атрыманыя ў ходзе папярэдніх экспедыцый, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Кільчэўскі адзначыў, што «толькі ў ходзе правядзення 14-й БАЭ ў мінулым годзе паспяхова праведзены работы па васьмі навуковых заданнях праграмы, большасць з якіх узначальваюць навуковыя інстытуты НАН Беларусі (Інстытут фізікі, Інстытут прыродакарыстання, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), а таксама Нацыянальны навуковы цэнтр маніторынгу азонасферы БДУ; рэалізавана шэсць дадатковых навуковых заданняў і эксперыментаў з удзелам навуковых падраздзяленняў НАН Беларусі, РНПЦ фізічнай культуры і спорту Мінздароўя Рэспублікі Беларусь; у ходзе правядзення 14-й БАЭ супрацоўнікі экспедыцыі прынялі ўдзел у рэалізацыі двух міжнародных даследчых праектаў (нямецка-беларускага «Нестабільнасць ледавіковага шчыта Усходняй Антарктыкі» і турэцка-беларускага навуковага праекта па вывучэнні саставу стойкіх арганічных забруджвальнікаў, у тым ліку магчымай наяўнасці і міграцыі часцінак мікрапластыку ў марской акваторыі і прэсных вадаёмах у раёне Беларускай антарктычнай станцыі».

У сваю чаргу начальнік 15-й БАЭ падкрэсліў, што планаваная экспедыцыя будзе найбольш забяспечанай новай прыборнай базай. «Гэтыя новыя прыборы – апошнія беларускія распрацоўкі, гэта чарговы якасны крок», - адзначыў Аляксей Гайдашоў.

Ужо 25 кастрычніка асноўная група ўдзельнікаў 15-й БАЭ адлятае ў Кейптаун для сямідзённай самаізаляцыі, пасля чаго авіяцыйным шляхам адпраўляецца ў Антарктыду. Пры гэтым генеральны груз і яшчэ 2 супрацоўнікі экспедыцыі прыбудуць на борце расійскага карабля ў канцы снежня ці ў пачатку студзеня.

У ходзе правядзення 15-й сезоннай БАЭ 2022 – 2023 гг. палярнікам трэба будзе правесці даследаванні прасторава-часавых змяненняў і трэндаў характарыстык атмасфернага аэразолю, снежнага і ледзянога покрыва, воднай паверхні ў раёне станцыі «Гара Вячэрняя», выканаць работы па стварэнні сейсмічнай станцыі ў раёне размяшчэння БАС, вывучыць тэктанічную будову Вячэрнегорскай структуры на аснове геолага-геафізічных даследаванняў зямной кары, выканаць натурныя даследаванні жывых марскіх, прэснаводных і наземных рэсурсаў з мэтай вывучэння дынамікі стану біятычных кампанентаў Усходняй Антарктыды і інш.

Вяртанне 15-й сезоннай БАЭ плануецца ў сярэдзіне мая 2023 года.