25 кастрычніка 2022 года на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі адбылося ўрачыстае адкрыццё VIII Беларускага касмічнага кангрэса.
У яго рабоце прымаюць удзел больш за 200 вучоных і спецыялістаў, вялікая дэлегацыя Расійскай Федэрацыі. У Мінск прыехалі прадстаўнікі дзяржкарпарацыі Раскосмас, Расійскай акадэміі навук, а таксама прадпрыемстваў і арганізацый, занятых у сферы касмічных тэхналогій. У Акадэмію навук прыехалі і касманаўты – Навіцкі Алег Віктаравіч, лётчык-касманаўт, Герой Расійскай Федэрацыі, і Котаў Алег Валерыевіч, намеснік дырэктара па навуковай рабоце ІМБП РАН, лётчык-касманаўт, Герой Расійскай Федэрацыі.
На адкрыцці VIII Беларускага касмічнага кангрэса Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Беларусь – адна з краін, якая мае эфектыўную сістэму навуковых устаноў і адпаведную інфраструктуру для правядзення даследаванняў па многіх актуальных навуковых напрамках. Навуковы патэнцыял Беларусі дазваляе арыентавацца на інавацыйны шлях развіцця і стварэння навукаёмістых вытворчасцей. Касмічная сфера па напрамках інфармацыйна-камунікацыйных і авіякасмічных тэхналогій, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, касмічнага прыборабудавання і электроннай прамысловасці вызначана як адна з прыярытэтных сфер інавацыйнага развіцця Беларусі».
Выступаючы на адкрыцці VIII Беларускага касмічнага кангрэса, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў адзначыў, што Беларусь і Расія сфарміруюць новы пакет саюзных праграм па інтэграцыі. Дзмітрый Мезенцаў нагадаў, што 28 саюзных праграм па інтэграцыі былі зацверджаны ў лістападзе 2021 года Вышэйшым дзяржсаветам з удзелам кіраўнікоў дзяржаў. Гэтыя саюзныя праграмы нацэлены на ўніфікацыю заканадаўства Беларусі і Расіі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўванне ўмоў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фарміраванне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі.
Беларускі касмічны кангрэс праходзіць у Нацыянальнай акадэміі навук 25 – 27 кастрычніка на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі і Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава. Плануецца заслухаць больш за 120 выступленняў вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кітая і Узбекістана.
У НАН таксама праходзіць выстава навукова-тэхнічнай прадукцыі касмічнага прызначэння па выніках рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм і праектаў у галіне космасу і экспазіцыя тэхнічнай і навукова-папулярнай літаратуры па касмічнай тэматыцы. Усяго на выставе прадстаўлена каля 40 экспанатаў. Свае работы прэзентуюць арганізацыі НАН Беларусі (Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі, Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава, Інстытут прыкладной фізікі, прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы», НПЦ па матэрыялазнаўстве, Інстытут парашковай металургіі і інш.), БДУ, ААТ «Пеленг» і іншыя арганізацыі.