Маладыя навукоўцы НАН Беларусі сталі пераможцамі Форуму маладых вучоных дзяржаў – удзельніц СНД «Навука без меж» (г. Ніжні Ноўгарад).
Арганізатарамі форуму выступаюць Расійская акадэмія навук, Выканаўчы камітэт СНД, Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі, Урад Ніжагародскай вобласці, ННДУ імя М. І. Лабачэўскага, Фонд «Сколкава».
Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны:
– Ганна Карпенка – навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі — за даклад «Камп'ютарнае мадэляванне патэнцыйных лекавых прэпаратаў Рэспубліка Беларусь»;
– Дзмітрый Шпарло – начальнік канструктарска-тэхналагічнага аддзела ААТ «Прыборабудаўнічы завод “Аптрон”» НАН Беларусі – за даклад «Атрыманне магнітамяккіх прэміксаў для элементаў электрарухавіка Рэспубліка Беларусь»;
– Ганна Барэйка — навуковы супрацоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі — за даклад «Фітапатагенныя мікраарганізмы: дыягностыка, кантроль, новыя выклікі Рэспубліка Беларусь».
Дыпломам 2 ступені ўзнагароджана Вікторыя Галавенчык, навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, за даклад «Транспарт як адзін са шляхоў пранікнення прадстаўніка чужароднага сямейства бычковыя ў вадацёкі Беларусі Рэспубліка Беларусь».
Дыплом 3 ступені атрымала Марына Лебядзевіч — навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі НАН Беларусі — за даклад «Дадатковая адукацыя як механізм сацыяльнай падтрымкі людзей пенсійнага ўзросту Рэспубліка Беларусь».
Марыя Баранава з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ўзнагароджана дыпломам 1 ступені за даклад «Нізкапамерныя магнітныя сістэмы ў халькагенідах пераходных металаў Рэспубліка Беларусь».
Форум маладых навукоўцаў дзяржаў — удзельніц СНД «Навука без меж» праходзіць 1–4 лістапада 2022 года на базе Нацыянальнага даследчага Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.І. Лабачэўскага (г. Ніжні Ноўгарад). Форум — частка вялікай праграмы мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 300-годдзя Расійскай акадэміі навук у 2024 годзе. 3 лістапада 2022 года ва ўніверсітэце Лабачэўскага завяршылася навуковая праграма Форуму. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 384 навукоўцы з Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Туркменістана, Узбекістана, Азербайджана, Таджыкістана, а таксама з краін далёкага замежжа: Чарнагорыі, Ірана, Індыі, Кітая. Усяго было прадстаўлена 250 дакладаў па дзевяці секцыйных напрамках: «Штучны інтэлект», «Тэхналогіі будучыні», «Новыя матэрыялы», «Камфортнае асяроддзе», «Здаровае пакаленне», «Харчовая бяспека», «Захоўваючы спадчыну», «Крэатыўная асоба», «Малекулярная інжынерыя». Па выніках працы секцый аргкамітэтам форуму ў кожным напрамку былі вызначаны пераможцы і прызёры. 30 маладых навукоўцаў атрымалі грашовыя прэміі, спецыяльна заснаваныя ўніверсітэтам Лабачэўскага. Аўтары найлепшых вусных дакладаў атрымалі па 30 000 рублёў, дыпламанты II ступені – 20 000 рублёў, дыпламанты III ступені – 15 000 рублёў.