Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.11.2022

16 - 17 лістапада 2022 года ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы будзе праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйных тэхналогій”

16 лістапада 2022 года у 10.00 гадзін ў сувязі са 140-годдзем з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйных тэхналогій” (пленарнае пасяджэнне адбудзецца ў зале пасяджэнняў Інстытута эканомікі НАН Беларусі (вул. Сурганава, 1, к.2, 11-ты паверх, пакой 1110-1112).

Праграма канферэнцыі 16 - 17 лістапада 2022 года прадугледжвае правядзенне пленарнага пасяджэння, працу чатырох секцый, дзе з дакладамі і паведамленнямі выступяць вядучыя беларускія навукоўцы, а таксама навукоўцы з Расіі.

Плануецца абмеркаванне наступных праблемна-тэматычных кірункаў:
- творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйнага грамадства;
- Янка Купала, Якуб Колас і беларускае нацыянальнае Адраджэнне;
- творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сусветным кантэксце: рэцэпцыя, інтэртэкстуальнасць, пераклад;
- навуковая і грамадская дзейнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа;
- сучасны культуралагічны, гістарычны, сацыялагічны, філасофскі, псіхалагічны, педагагічны і дыдактычна-метадычны аспекты даследавання творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа;
- купалазнаўства і коласазнаўства ХХІ ст.: набыткі і перспектывы;
- Янка Купала, Якуб Колас і актуальныя праблемы лінгвістыкі;
- пытанні захавання спадчыны класікаў нацыянальнай літаратуры: тэксталогія, выдавецкая дзейнасць, музеялогія, архівазнаўства, бібліятэчная справа;
- літаратура ў сучаснай інфармацыйнай прасторы: традыцыі і наватарства.

Напрамкі працы канферэнцыі ахопліваюць шырокае кола праблем даследавання навуковай і мастацкай спадчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія прадстаўляюць іх творчасць у сістэме духоўна-эстэтычных і дзяржаўна-культурных прыярытэтаў сучаснасці, адкрываюць новыя факты жыцця класікаў нашай літаратуры, а таксама іх шматграннай творчай дзейнасці.