18 лістапада 2022 года адбылася цырымонія падпісання Дагавора аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Кузбаскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя Ц. Ф. Гарбачова.
Подпісы пад дакументам паставілі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык і рэктар Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Ц. Ф. Гарбачова (КузДТУ) Аляксей Якаўлеў. Дагавор прадугледжвае ўстанаўленне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы навукі і адукацыі, развіцця сумесных навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі, абмену вучэбна-метадычнай, навуковай літаратурай і дыдактычнымі матэрыяламі паміж КузДТУ і НАН Беларусі ў сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Бакі дамовіліся ажыццяўляць распрацоўку і рэалізацыю сумесных інавацыйных і навукова-даследчых праектаў, у тым ліку ў рамках праграм, якія арганізуюцца на платформе навукова-адукацыйнага цэнтра сусветнага ўзроўню «Кузбас»; сумесна ўдзельнічаць у міжнародных адукацыйных і навуковых праектах; весці работу па арганізацыі сумесных навукова-даследчых лабараторый і часовых калектываў для рэалізацыі даследчых праектаў і праграм, у тым ліку, сумесных праграм падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў.
Навукоўцы НАН Беларусі і Кузбаскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Ц. Ф. Гарбачова будуць ажыццяўляць абмен прафесарска-выкладчыцкім складам, навуковымі супрацоўнікамі, аспірантамі, дактарантамі, магістрамі і бакалаўрамі ў форме кароткатэрміновых і доўгатэрміновых навуковых стажыровак, а таксама для чытання лекцый; прыцягваць прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнтаў да ўдзелу ў рабоце семінараў і канферэнцый, якія праводзяцца на базе бакоў. У планах —публікацыя сумесных падручнікаў, вучэбна-метадычных і вучэбных дапаможнікаў, навуковых манаграфій, артыкулаў, зборнікаў навуковых прац і іншых навуковых і вучэбна-метадычных выданняў.