Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.11.2022

Навукоўцы-гісторыкі бяруць удзел у канферэнцыі «Віцебскі край: да Года гістарычнай памяці»

24 лістапада 2022 г. у горадзе Віцебску пачала працу VІІІ навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край: да Года гістарычнай памяці».

Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Віцебскі абласны краязнаўчы музей. У працы канферэнцыі ў вочным і завочным фарматах бяруць удзел больш за 90 гісторыкаў, археолагаў, архівістаў, настаўнікаў, супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, краязнаўцаў з Бешанковічаў, Браслава, Брэста, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мінска, Мёраў, Оршы, Полацка, Абакана і Санкт-Пецярбурга.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў навуковага форуму звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст Упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Юрчак, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская. Павел Трубчык перадаў у фонды Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна кніжныя выданні, падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута. На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады загадчыка Цэнтра гісторыі Беларусі канца ХVIII – ХХІ стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, дацэнта Мікалая Смяховіча аб вытоках беларускай дзяржаўнасці; навуковага супрацоўніка аддзела навукова-інфармацыйнай работы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марыны Зінчанкі аб канцэпце гістарычнай памяці і гістарычнай палітыкі ў сучасным грамадска-палітычным дыскурсе. Пленарнае пасяджэнне завяршыла прэзентацыя манаграфіі «Верхні замак Віцебска (IX–XVIII стст.)» дактаранта Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Леаніда Калядзінскага.

Работа навуковага форуму працягваецца ў рамках трох секцый: «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край ад старажытнасці да 1917 г.», «Гістарычнае краязнаўства. Віцебскі край з 1918 г. да сучаснасці», «Краязнаўства ў сістэме гуманітарных навук».