Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

05.12.2022

8 снежня адбудзецца вечарына памяці беларускага пісьменніка Сержа Мінскевіча “Мой разбіўся анёл…”

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі запрашаюць 8 снежня а 16:00 на вечарыну памяці былога супрацоўніка Цэнтра, вядомага беларускага пісьменніка Сержа Мінскевіча “Мой разбіўся анёл…”

Серж Леанідавіч Мінскевіч – паэт, перакладчык, празаік, драматург, кампазітар, бард, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук – працаваў у Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі з 2001 па 2022 г. Апублікаваў каля 150 навуковых работ, у тым ліку 7 раздзелаў у калектыўных манаграфіях. Закончыў дактарантуру, падрыхтаваў да абароны доктарскую дысертацыю на тэму “Еўрапейскі санет у беларускіх перакладах”.

Аўтар мастацкіх кніг: “Праз галеРэю” (паэзія, 1995), “Менскія санэты / Мінскія санеты” (2002), “Прыгоды Какоса Маракоса” (вершаваная казка, 2006), “Я з БУМ-БАМ-ЛІТа” (вершы, проза, крытычныя артыкулы, успаміны пра літаратурныя і мастацкія рухі канца ХХ – пач. ХХІ стагоддзя, 2008), “Сад замкнёных гор” (фантастычны раман, фантастычная аповесць і апавяданні, 2011), “Чароўная крыніца, ці Як навучыць дракона чысціць зубы” (празаічная казка, беларускае фэнтэзі, 2011), “Усмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка” (аповесць легендарных часоў, фэнтэзі, 2013), “Вялікія прыгоды Какоса Маракоса” (вершаваная казка, дзіцячая энцыклапедыя-даведнік па марской фауне, 2015) і інш.
Літаратурная спадчына Сержа Мінскевіча будзе прадстаўлена на выставе.

Сустрэча адбудзецца ў інфармацыйна-выставачным цэнтры ЦНБ НАН Беларусі па адрасе: г. Мінск, вул. Сурганава, 15
Кантактны тэл. + 375 29 260 30 50 Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч

Тэгi
#анонсы