5 снежня 2022 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Захаванне і павышэнне ўрадлівасці зямель у Рэспубліцы Беларусь і іх эфектыўнае выкарыстанне».
Ад НАН Беларусі ў якасці спікераў выступілі: Анжанкоў Аляксандр Сяргеевіч - дырэктар РУП «Інстытут меліярацыі» і Лапа Віталь Вітальевіч - галоўны навуковы супрацоўнік РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі», акадэмік НАН Беларусі.
Як было адзначана на мерапрыемстве, глебавыя рэсурсы з’яўляюцца асновай сельскагаспадарчай вытворчасці любой краіны. Таму іх эфектыўнае выкарыстанне, захаванне ўрадлівасці адносяцца да ліку найважнейшых дзяржаўных задач, якія стаяць перад аграрнай галіной. Навукоўцы расказалі пра тое, якія сучасныя распрацоўкі будуць прапанаваны ў надыходзячым годзе Інстытутам глебазнаўства і аграхіміі, а таксама пра тое, якія інавацыйныя праекты ўжо адобраны і ўкаранёны ў механізм абароны зямлі ад воднай і ветравой эрозіі, падтаплення, забалочвання, засалення, высушвання, забруджвання адходамі, хімічнымі і радыеактыўнымі рэчывамі і іншых шкодных уздзеянняў.