Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

16.12.2022

Акадэміку НАН Беларусі Эміліі Каламіец уручана «Прэмія дружбы» КНР

Генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Эмілія Іванаўна Каламіец удастоена высокай узнагароды ўрада Кітайскай Народнай Рэспублікі – «Прэміі дружбы».

Узнагарода ўручана мэрам горада Тайань правінцыі Шаньдун. «Прэмія дружбы» ўрада Кітая была заснавана ў 1991 годзе спецыяльна для замежных экспертаў, якія ўнеслі важны ўклад у эканамічнае будаўніцтва і сацыяльнае развіццё Кітая. Узнагарода - прызнанне выніку вялікай сумеснай працы мікрабіёлагаў Беларусі і Кітая з канкрэтным вынікам. Высокая кваліфікацыя, развітая матэрыяльна-тэхнічная база дазволілі распрацаваць і ўкараніць у правінцыі Шаньдун сучасныя біятэхналогіі аздараўлення глеб з выкарыстаннем экалагічна бяспечных біяпрэпаратаў - альтэрнатывы аграхімікатам.

Сёння ўзначаленае Эміліяй Іванаўнай ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» выйшла на лідзіруючыя пазіцыі ў галіне вытворчасці мікрабіялагічнай прадукцыі ў Беларусі. Атрымалі развіццё новыя напрамкі даследаванняў, заснаваныя на шырокім выкарыстанні метадаў геннай інжынерыі і малекулярнай біялогіі, мадэрнізаваная матэрыяльна-тэхнічная база, уведзены ў эксплуатацыю навукова-вытворчыя ўчасткі, абсталяваныя самым сучасным абсталяваннем, наладжана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі высокакваліфікаваных навуковых кадраў. Гэта ў комплексе забяспечыла стварэнне і практычнае выкарыстанне арыгінальных айчынных біятэхналогій у інтарэсах аховы здароўя, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, прамысловага рыбаводства, аховы навакольнага асяроддзя.