21 снежня 2022 г. у 11 гадзін у НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, Вялікая канферэнц-зала Прэзідыума НАН Беларусі, 2-і паверх) адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Аўтары найлепшых работ атрымаюць узнагароды - дыпломы і памятныя прызы. Кампетэнтнае журы падвяло вынікі рэспубліканскага конкурсу. Пераможцамі сталі 240 работ.
У конкурсе прынялі ўдзел канкурсанты з розных рэгіёнаў Беларусі, што сведчыць аб значнай увазе да гісторыі нашай краіны. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел каля тысячы чалавек. Гэта - неабыякавыя і творчыя людзі, аматары і прафесіяналы, настаўнікі, школьнікі і студэнты, а таксама ўсе ахвотныя, чые работы спрыяюць папулярызацыі гістарычных ведаў і дасягненняў сучаснага грамадства, служаць умацаванню нацыянальнага адзінства і грамадскай згоды. Удзельнікі конкурсу прадстаўляюць усе рэгіёны краіны: як буйныя абласныя гарады Мінск, Брэст, Гомель, Віцебск, Гродна, Магілёў, так і раённыя цэнтры, аграгарадкі, невялікія населеныя пункты. Прадставілі на конкурс свае работы і жыхары Расіі. Творчы пошук аб’яднаў людзей самага рознага ўзросту, узроўню адукацыі, жыццёвага вопыту. Удзельнікі конкурсу даслалі кнігі, брашуры, відэапрэзентацыі, аўдыязапісы песень, даследчыя праекты, вершы, мініяцюры, апавяданні, нарысы, эсэ.