Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.01.2023

Работа выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» будзе прадоўжана на тыдзень

Выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная», якая праходзіла ў Мінску (Мінск, пр. Пераможцаў, 14) 20–22 студзеня 2023 года, выклікала вялікую цікавасць. За тры дні работы яе наведалі тысячы чалавек з усіх рэгіёнаў. Гэта — прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый краіны, навучэнцы і студэнты, вучоныя, курсанты ваенных вучылішчаў, жыхары сталіцы і госці Мінска.

Па шматлікіх просьбах наведвальнікаў работа выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» будзе прадоўжана на тыдзень. Экспазіцыя выстаўкі будзе пашырана і дапоўнена новымі экспанатамі. Гэта дасць магчымасць яшчэ больш шырокаму колу жыхароў краіны азнаёміцца з найноўшымі навуковымі распрацоўкамі беларускіх навукоўцаў і студэнтаў.

На выставе навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» свае дасягненні і распрацоўкі дэманструюць навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. На выстаўцы прадстаўлена звыш 400 экспанатаў. Гэта — натурныя ўзоры (у тым ліку буйнагабарытная тэхніка), макеты, мультымедыйныя прэзентацыі на вялікіх экранах.

Экспазіцыя выстаўкі навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» арганізавана па кластарным прынцыпе, які прадугледжвае аб’яднанне і лагічную сувязь буйных тэматычных блокаў, якія развіваюцца ў Беларусі і найбольш актуальных у цяперашні час. У ліку кластараў: штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка; інавацыйнае прыборабудаванне; электратранспарт і яго базавыя кампаненты, лятальныя апараты; абараназдольнасць і ваенная навука; экалогія, прыродакарыстанне; біятэхналогіі; фармацыя, ахова здароўя, медыцына; аграпрамысловы комплекс, прадукты харчавання; прастора маладзёжных ініцыятыў.

Прадстаўленне экспанатаў акцэнтавана на міждысцыплінарныя і міжгаліновыя ўзаемасувязі «навука – адукацыя – вытворчасць». Спецыяльны акцэнт зроблены на распрацоўках моладзі, у тым ліку, прапанаваных у рамках праектаў «100 ідэй для Беларусі» і «100 інавацый маладых вучоных» пад агульным слоганам «Прастора маладзёжных ініцыятыў». Наведвальнікі могуць убачыць таксама экспазіцыю дасягненняў у галіне сацыягуманітарных навук — найноўшыя кніжныя выданні, археалагічныя артэфакты, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама распрацоўкі ў кантэксце Года гістарычнай памяці.

На думку арганізатараў выстаўкі, экспазіцыя задае агульную накіраванасць на бесперапыннае развіццё беларускай навукі, інтэнсіўнае ўзаемадзеянне навукі, адукацыі і вытворчасці, нарошчванне ўкаранення навуковых дасягненняў у рэальны сектар і сацыякультурную сферу, узмоцнены пазітыўны ўплыў на якасць жыцця і дабрабыт беларускага народа.

Выстаўка навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная» арганізавана ў мэтах выканання даручэння Кіраўніка дзяржавы, дадзенага ў ходзе рабочай сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У. Р. Гусаковым 18 кастрычніка 2022 года.

Тэгi
#выставы