Супрацоўнікамі 15 Беларускай антарктычнай экспедыцыі выкананы першы ўнутрыкантынентальны навуковы паход у раней не вывучаны раён мацерыковай часткі Антарктыды. Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 15-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (15-я БАЭ) Аляксей Гайдашоў.
«У мэтах пашырэння прасторы і плошчы навуковых і практычных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, а таксама ўмацавання прысутнасці нашай краіны ў Антарктыцы, у перыяд з 18 па 20 студзеня 2023 г. супрацоўнікамі 15 БАЭ выкананы першы ўнутрыкантынентальны навуковы паход у раней не вывучаны раён мацерыковай часткі Антарктыды з размешчаным на ім горным масівам DSF. Склад паходнай групы БАЭ — 7 чалавек, склад групы забеспячэння на БАС Гара Вячэрняя — 3 чалавекі. Рух навуковага паходу ажыццяўляўся на трох транспартных адзінках з прычапнымі прыладамі (шматфункцыянальны транспартны сродак Polar 300, снегабалотаход «Бобр» і снегаход LYNX), абсталяваных сістэмамі GPS-навігацыі, сродкамі спадарожнікавай і УКХ-сувязі. Працягласць даследчага маршруту склала 188 кіламетраў, плошча апрабавання і навуковых даследаванняў склала каля 210 квадратных кіламетраў», — праінфармаваў Аляксей Гайдашоў.
Як паведаміў начальнік 15 Беларускай антарктычнай экспедыцыі, па ходзе руху навуковага паходу праводзілася наземная і паветраная разведка бяспечных шляхоў руху, выконвалася фота- і відэаздымка, вырабляўся адбор проб прыродных матэрыялаў, вёўся электронны запіс апорных пунктаў GPS-трэка даследчага маршруту. Праз кожныя два кіламетры шляху апорныя пункты маршруту замацоўваліся на мясцовасці рэпернымі маркерамі з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь.
Як праінфармаваў Прэзідыум НАН Беларусі Аляксей Гайдашоў: «У працэсе паходу быў дасягнуты канчатковы (вызначаны) пункт маршруту — горны масіў DSF, размешчаны ў глыбіні кантынента ў каардынатах найвышэйшага пункту (1451 м над узроўнем мора): Е670 59/03// S047020/00//. Па прыбыцці ў канчатковы (намечаны) пункт маршруту праведзены рэкагнасцыровачныя работы і тапагеадэзічная прывязка мясцовасці, з выкарыстаннем прыбораў і прыборных комплексаў, распрацаваных у навуковых арганізацыях НАН Беларусі. Праведзены серыі вымярэнняў розных параметраў прыроднага асяроддзя Антарктыкі, праведзены адбор проб і ўзораў прыродных матэрыялаў».
Як далажыў Аляксей Гайдашоў, па завяршэнні запланаванай праграмы даследаванняў, група супрацоўнікаў 15 БАЭ здзейсніла ўзыходжанне на найвышэйшы пункт горнага масіва DSF (1451 м над узроўнем мора), дзе быў узняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, сцягі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Таксама закладзена памятная капсула з дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь, спісам супрацоўнікаў 15 БАЭ і кароткім апісаннем навуковых мэт і задач нашай краіны ў Антарктыцы.
Выкананы першы ўнутрыкантынентальны навуковы паход забяспечыў напрацоўку практычнага вопыту, дазволіў стварыць ва ўнутрыкантынентальным раёне Антарктыды своеасаблівы пункт апоры для выхаду да іншых унутраных раёнаў і горных масіваў кантынента з мэтай далейшага пашырэння геаграфіі навуковых і практычных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у Антарктыцы.