Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.01.2023

З 25 студзеня па 10 лютага 2023 года Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі аб’яўляе ДНІ АДЧЫНЕНЫХ ДЗВЯРЭЙ, прымеркаваныя да Дня беларускай навукі.

У рамках работы Акадэміі маладых генеалогаў ЦНБ НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Сурганава, 15) адбудзецца цыкл аўтарскіх лекцый кандыдата гістарычных навук Вадзіма Урублеўскага, прысвечаных пытанням тэарэтычнай і практычнай генеалогіі, працэсу пошуку звестак пра продкаў і сістэматызацыі знойдзенай інфармацыі. Дасць старт мерапрыемствам дзён адчыненых дзвярэй навукова-папулярная лекцыя «Сфера генеалогіі: асаблівасці генеалагічных даследаванняў», якая пройдзе 25 студзеня (пачатак у 17:30).

Для ахвотных трапіць на першую лекцыю адкрыта рэгістрацыя па спасылцы https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLScQAr5izVaWObEkgrhBRuM2EXkvgpfSi7cnJ-AGtQ9VBnzJnw/viewform

З асноўнымі дасягненнямі ў галіне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацоўкамі беларускіх вучоных па найважнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук можна будзе азнаёміцца на кніжнай выстаўцы «Навука Беларусі: інавацыі, тэхналогіі, приярытэты». Экспазіцыя разгорнецца ў холе першага паверха, дзякуючы чаму са зместам кніг можа азнаёміцца любы ахвотны ў рамках рэжыму работы бібліятэкі.

Кожны аўторак і чацвер (26, 31 студзеня, 2, 7, 9 лютага) у інфармацыйна-выставачным цэнтры будзе дэманстравацца фільм «Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік маланак, або «Электрычны чалавек» (праекта «100 імёнаў Беларусі «Студыі гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”»). Пачатак сеансаў у 12:00 і 18:00. Тут жа увазе наведвальнікаў будзе прадстаўлена выстава «Спадзяюся, што праца мая з часам прынясе маю сціплую лепту навуцы...», прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння Я. А. Наркевіча-Ёдкі, беларускага вучонага-прыродазнаўца.

Прафесар Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (27 снежня 1847 (8 студзеня 1848) — 19 снежня 1905) з’яўляецца яркай фігурай у гісторыі навукі XIX ст. Яго папулярнасць у навуковых колах сучаснікі параўноўвалі з папулярнасцю Л. Пастэра і К. Фламарыёна ў Францыі, а некаторыя з навуковых даследаванняў — з доследамі В. Рэнтгена. Яго імя часта сустракалася на старонках расійскіх і еўрапейскіх навуковых выданняў у XIX ст., а ў 1896 г. у Парыжы выйшла кніга, прысвечаная жыццю і навуковай дзейнасці Я. А. Наркевіча-Ёдкі. Навуковыя пошукі Я. А. Наркевіча-Ёдкі вяліся на стыку шэрагу напрамкаў — фізікі, метэаралогіі, медыцыны і псіхалогіі. Яны значна апярэджвалі час, што не дазволіла пры жыцці вучонага ў поўнай меры зразумець і ацаніць яго несумнеўны ўклад у развіццё многіх навук. На выстаўцы будуць прадстаўлены некаторыя публікацыі Я. А. Наркевіча-Ёдкі, кнігі, навукова-папулярныя артыкулы, прысвечаныя жыццю таленавітага вучонага, а таксама прыведзены вынікі праведзеных ім доследаў і дадзена ацэнка асноўным дасягненням вучонага, як яго сучаснікамі, так і з пазіцыі навукі XX-XXI стст.

Традыцыйна ў дні адчыненых дзвярэй бібліятэка арганізуе аглядныя экскурсіі і экскурсіі па экспазіцыі выстаўкі ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. Нашым гасцям будуць прадэманстраваны найбольш рэдкія выданні з фондаў бібліятэкі: заходнееўрапейскія кнігі XV ст. (інкунабулы), выданні з кніжнага збору Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі, кірылічныя выданні XVI–XVIII стст., заходнееўрапейская і руская навуковая літаратура гэтага ж перыяду і інш.

Па падрабязную інфармацыю і для папярэдняга запісу на экскурсію звяртацца па тэл. + 375 17 379 27 06 (пн.–чц. з 9:00 да 18:00, пт. з 9:00 да 16:30)
Прэс-служба НАН Беларусі