24 студзеня 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Дню беларускай навукі.
У якасці спікераў на мерапрыемстве выступілі: Уладзімір Гусакоў — Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік; Шлычкоў Сяргей Уладзіміравіч — старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Старавойтава Ірына Анатольеўна – першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, і Дасіна Маргарыта Алегаўна – начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Яны падрабязна расказалі аб прыярытэтных напрамках навуковых даследаванняў, па якіх працуюць навукоўцы краіны, і апошніх выніках працы даследчыкаў.
Як расказаў Уладзімір Гусакоў: «Напярэдадні нашага прафесійнага свята — Дня беларускай навукі — навукоўцы акадэмічнай, галіновай і ўніверсітэцкай навуковай сферы прадэманстравалі свае дасягненні на выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная». Экспазіцыя, у якой прадстаўлена больш за 400 пазіцый, паказала, што навукоўцы ў нашай краіне могуць вырашаць любыя задачы ад IT-тэхналогій, штучнага інтэлекту і робататэхнікі з прымяненнем у медыцыне, аграпрамысловым комплексе, прыродакарыстанні і экалогіі, да касмічных апаратаў, электратранспарту і ваеннага прыборабудавання. Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, як галоўнай навуковай арганізацыяй краіны, выбудавана дынамічная сістэма міждысцыплінарных і міжгаліновых узаемасувязяў “навука – адукацыя – вытворчасць”. Выстаўку “Беларусь інтэлектуальная” наведалі больш за 30 тыс. чалавек за тры дні».
Уладзімір Гусакоў расказаў таксама, што ў Беларусі распрацавалі праграму развіцця мікраэлектронікі. Праграма прынятая Саветам Міністраў. «У рамках гэтай праграмы мы стварылі кластар па мікраэлектроніцы, куды ўваходзіць цэлы шэраг прадпрыемстваў гэтай сферы і акадэмічных арганізацый. Перыядычна праводзім пасяджэнні, дзе падводзім вынікі, вызначаем напрамкі далейшага развіцця», — сказаў Уладзімір Гусакоў. Уладзімір Гусакоў таксама падзяліўся планамі на будучыню. Так, у найбліжэйшы час у НАН Беларусі адкрыюць Цэнтр вірусалогіі.