Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.01.2023

24 студзеня 2023 г. споўнілася 126 гадоў з дня нараджэння прэзідэнта Акадэміі навук БССР, акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча

В. Ф. Купрэвіч (24.01.1897, в. Кальнікі Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. – 17.03.1969) – батанік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік (1952), член-карэспандэнт АН СССР (1953), доктар біялагічных навук (1942), прафесар (1950). Удзельнік Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Герой Сацыялістычнай Працы (1969). 1951–1955 — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, 1954–1969 — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1967). Узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1953), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), Леніна (1967, 1969), медалямі. З 1938 – загадчык лабараторыі, з 1949 – дырэктар Батанічнага інстытута АН СССР, 1952–1969 – прэзідэнт АН БССР і адначасова з 1953 — загадчык аддзела Інстытута біялогіі АН БССР, з 1958 — кіраўнік аддзела фізіялогіі і сістэматыкі ніжэйшых раслін АН БССР. Аўтар больш як 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. У 1972 Інстытуту эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі прысвоена імя В. Ф. Купрэвіча.

Па традыцыі на Маскоўскіх могілках адбыўся мітынг, прысвечаны памяці вучонага, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі і навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №1 імя В. Ф. Купрэвіча г. Смалявічы».

Пасля мітынгу для навучэнцаў ДУА «Сярэдняя школа №1 імя В. Ф. Купрэвіча г. Смалявічы» маладымі навукоўцамі былі праведзены азнаямленчыя экскурсіі па інстытуце. Школьнікі наведалі лабараторыі мікалогіі, воднага абмену і фотасінтэзу раслін, флоры і сістэматыкі раслін, а таксама Гербарый і пастаянную экспазіцыю Гербарыя інстытута. Далей ім быў прадэманстраваны фільм аб іх знакамітым земляку, у якім расказваецца пра жыццёвы шлях акадэміка.
Таксама для дзяцей была арганізавана экскурсія на выстаўку навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная».

У гэты ж дзень для вучняў 9–11 класаў ДУА «Азярыцкаслабадская сярэдняя школа» (Мінская вобл., Смалявіцкі р-н, аг. Слабада) старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін А. М. Скуратовіч прачытаў лекцыю «Гісторыя і сучаснасць: ад Купрэвіча да сённяшніх дзён».

Таксама адбылося пасяджэнне аргкамітэта Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы эксперыментальнай батанікі: Купрэвіцкія чытанні», на якім былі абмеркаваны тэмы і вызначаны лектары для выступлення на чарговых XIV Купрэвіцкіх чытаннях у наступным годзе.