Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.01.2023

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў павіншаваў навуковую грамадскасць з Днём беларускай навукі 2023

Паважаныя калегі! Дарагія сябры! Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі віншую навуковую грамадскасць з Днём беларускай навукі.

Уклад вучоных у развіццё краіны мае вызначальнае значэнне. Сёння Беларуская навука і яе цэнтр – НАН Беларусі — неад’емны атрыбут дзяржавы, які забяспечвае пашыранае ўзнаўленне новых ведаў, перадавых тэхналогій і інавацыйных мадэляў развіцця. Узаемадзеянне акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі дае вынікі, запатрабаваныя ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, адукацыі, ЖКГ і іншых сферах. Яркае таму пацвярджэнне — шырокі пералік работ, адзначаных прэміямі НАН Беларусі, а таксама якія сталі лаўрэатамі конкурсу «Топ-10» дасягненняў НАН Беларусі. Гэтыя вынікі ахопліваюць сферы мікраэлектронікі, прыкладной хіміі і фізікі, гуманітарных навук і медыцыны. Апошняя сфера асабліва важная: менавіта дзякуючы ўрачам і іх працы, ведам беларускае грамадства з мінімальнымі стратамі прайшло выпрабаванні пандэміі COVID-19. Не выпадкова “Навукоўцам года НАН Беларусі — 2022” названы вядомы эпідэміёлаг, член-карэспандэнт Ігар Карпаў.

«Я добра ведаю: усё, што вы робіце, – гэта не дзеля ўзнагарод ці матэрыяльнага прыбытку. Ваш прафесійны і жыццёвы шлях абраны вашым сэрцам. А таму вы, як ніхто іншы, вартыя высокага прызнання і глыбокай павагі людзей», – сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў час уручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне», у ліку ўзнагароджаных якімі быў і калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. І гэта — самая высокая ацэнка працы навукоўцаў.

Акадэмія навук у цэлым паспяхова завяршыла мінулы год. Выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. У 2022 годзе мы годна адзначылі 100-годдзе Беларускай акадэмічнай навукі і Інстытута беларускай культуры, устанавілі, што дзень НАН Беларусі будзе цяпер адзначацца штогод 13 кастрычніка. Мы правялі першую выстаўку-форум ІТ-Акадэмграда «Штучны інтэлект у Беларусі», на якой было прадстаўлена больш як 100 распрацовак, якія паказалі розныя бакі такога шматмернага паняцця, як «штучны інтэлект». Нацыянальная акадэмія навук Беларусі здабыла ўласны Універсітэт.

Арганізавалі Усебеларускі конкурс, прысвечаны Году гістарычнай памяці, і падвялі яго вынікі. Пераможцамі стала больш як 200 работ у розных жанрах. Найлепшым уручаны дыпломы і падарункі.

Сёлетні год абвешчаны Кіраўніком дзяржавы Годам міру і стваральнай працы. І тут вельмі важна памятаць аб стваральнай ролі навукі як рухальнай сіле грамадства, яе імкненні да міру, гуманізму і росквіту, якія закладзены ў многіх даследаваннях, што выконваюцца вучонымі НАН Беларусі.

Мы працягнем ствараць — адкрываць новыя лабараторыі і даследчыя цэнтры, умацоўваць навуковыя сувязі, разам з нашымі партнёрамі з дружалюбных краін дамагацца новых вынікаў, працаваць над прыярытэтнымі праектамі сусветнага ўзроўню. Трэба будзе прыкласці максімум намаганняў для выканання прынятых саюзных праграм. Сёння наша краіна ўскладае вялікія надзеі на навукоўцаў. Ад дзеячаў навукі чакаюць новых ідэй, вынаходак, сучасных методык і тэхналогій, якія неабходныя грамадству.

ЭГэта пацвердзіла буйная нацыянальная выстаўка навуковых дасягненняў пад рубрыкай «Беларусь інтэлектуальная», якая некалькі дзён, з 20 па 23 студзеня, праходзіла ў выставачным цэнтры «БелЭкспа».

Дасягнута многае. Але яшчэ больш трэба будзе зрабіць.
Упэўнены, кансалідацыя навукоўцаў дазволіць забяспечыць дасягненне пастаўленых высокіх навуковых вынікаў у імя росквіту нашай краіны.
Жадаю вам, дарагія калегі, новых адкрыццяў, рэалізацыі смелых планаў і ўпэўненага руху наперад.

Шчасця, дабрабыту, здароўя вам і вашым блізкім!