Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.01.2023

Навукоўцы Беларусі і Расіі абмяркуюць будучыню і гарызонты лічбавай рэальнасці

Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытут прыкладной матэматыкі імя М. У. Келдыша пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзелавога і культурнага комплексу пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі праводзяць 2–3 лютага 2023 года (г. Масква, РФ) VI сумесную беларуска-расійскую навукова-практычную канферэнцыю «Праектаванне будучыні і гарызонты лічбавай рэальнасці».

На форуме плануецца абмеркаваць шырокі комплекс праблем актуальнага культурна-цывілізацыйнага развіцця, перш за ўсё ў кантэксце інавацыйнай сацыяльнай дынамікі і праектавання мадэлі ўстойлівага будучага народаў Беларусі і Расіі.

Сярод тэм, якія будуць узняты вучонымі дзвюх краін, філасофскія праблемы цывілізацыйнага развіцця сучаснага свету; месца Беларусі і Расіі ў глабальных цывілізацыйных працэсах; станаўленне і перспектывы развіцця глабальнага соцыуму ў лічбавую і постпандэмічную эпоху, стратэгія развіцця лічбавага грамадства і лічбавай эканомікі ў свеце, які перманентна змяняецца. Асаблівая ўвага будзе нададзена такім праблемам, як: лічбавыя тэхналогіі як элемент рэалізацыі мэт устойлівага развіцця грамадства; стратэгія і напрамкі тэхналагічнай мадэрнізацыі, звязаныя з ёй рызыкі і выклікі; мадэлі кіравання ў лічбавую эпоху, навуковае мастацтва і культура лічбавага свету і інш.

Беларуска-Расійскі навуковы форум, які стаў ужо традыцыйным, праводзіцца на базе дзелавога і культурнага комплексу пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, уяўляе сабой пляцоўку для выпрацоўкі навукова абгрунтаваных механізмаў дасягнення ўстойлівага развіцця Саюзнай дзяржавы, а таксама эфектыўнага функцыянавання вышэйназваных інтэграцыйных утварэнняў. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца лічбавай трансфармацыі, якая разглядаецца як адзін з найважнейшых драйвераў і магістральны вектар развіцця сусветнай эканомікі і глабальнага інфармацыйнага грамадства ў цэлым, а таксама з’яўляецца часткай нацыянальных стратэгій Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Прэс-служба НАН Беларусі