1 лютага 2023 года на базе НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першае ў гэтым годзе. Удзельнікі мерапрыемства разгледзелі цэлы шэраг важных пытанняў. Сярод іх — вынікі работы камісій па напрамках дзейнасці за 2022 год, план работы Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы на 2023 год, канцэпцыя і арганізацыя падрыхтоўкі шматтомнага фундаментальнага выдання «Гісторыя Беларусі».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка адзначыў: «Год гістарычнай памяці пройдзены. Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў створаны распараджэннем Кіраўніка дзяржавы 4 лютага 2022 года ў Год гістарычнай памяці. За гэты час зроблена нямала ў плане захавання гістарычнага гераічнага мінулага, выпрацоўкі падыходаў ацэнкі розных перыядаў гісторыі, захавання культуры і традыцый беларускага народа. Хацеў бы адзначыць, што шэраг мерапрыемстваў, пытанняў, якія мы планавалі і разглядалі ў мінулым годзе, уносіліся як членамі савета, так і выканаўчымі камітэтамі, навукоўцамі, даследчыкамі. Па ўсіх пытаннях знаходзілі рашэнні, пункты судакранання. Былі дыскусіі, спрэчкі. Асабліва, калі ішло пытанне аб выданні падручнікаў, па фармаце, ацэнцы тых ці іншых гістарычных перыядаў і гістарычных асоб, — падкрэсліў Ігар Сергеенка. — Адна з галоўных задач савета — выпрацоўка адзіных падыходаў па ацэнцы нашай гісторыі. Адпаведна, укараненне яе ў наша жыццё: і ў адукацыю, і ў выхаваўчы працэс».
Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі працуе на пастаяннай аснове.