Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.02.2023

Адбылося Пасяджэнне галоўнай рэдакцыйнай калегіі па абнаўленні і перавыданні Нацыянальнага атласа Беларусі

У 2023 годзе навукоўцы і картографы Беларусі пры падтрымцы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання прыступілі да работ па абнаўленні і перавыданні фундаментальнага навукова-даведачнага картаграфічнага твора — Нацыянальнага атласа Беларусі.

У мэтах вырашэння арганізацыйных пытанняў 1 лютага 2023 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося першае пасяджэнне галоўнай рэдакцыйнай калегіі Атласа. На мерапрыемстве ад Акадэміі навук прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума Уладзімір Гусакоў, першы намеснік Старшыні Прэзідыума Сяргей Чыжык, Галоўны вучоны сакратар Васіль Гурскі і іншыя выдатныя навукоўцы.

У рамках названага мерапрыемства была арганізавана выстаўка нацыянальных атласаў іншых дзяржаў, а таксама атласаў, створаных Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» і адзначаных высокімі дзяржаўнымі і міжнароднымі ўзнагародамі, у тым ліку «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», удастоенага прэміі Кіраўніка дзяржавы «За духоўнае адраджэнне».