Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.02.2023

НАН Беларусі і Савет па навуковых і прамысловых даследаваннях Індыі (CSIR) правялі сумесны семінар па супрацоўніцтве ў сферы тэхнічных навук

16 лютага 2023 года адбыўся чацвёрты семінар, які завяршае серыю сумесных тэматычных семінараў паміж арганізацыямі НАН Беларусі і Савета па навуковых і прамысловых даследаваннях Індыі (CSIR), гэтым разам — па тэхнічных навуках.

Удзел у мерапрыемстве прынялі больш за 40 навукоўцаў НАН Беларусі і CSIR. Бакі выступілі з прэзентацыямі па перспектыўных для развіцця беларуска-індыйскага ўзаемадзеяння напрамках, а менавіта высокатэмпературных і плазменных тэхналогіях апрацоўкі матэрыялаў, функцыянальных магнітных матэрыялах, кампазіцыйных матэрыялах на аснове цяжкіх сплаваў, плазменных і ахоўных пакрыццях, тэхнічнай дыягностыкі матэрыялаў метадамі неразбуральнага кантролю і інш.

У цяперашні час на ўзроўні выканаўцаў бакі рыхтуюць сумесныя праектныя прапановы ў галіне біялагічных, медыцынскіх, фізічных, хімічных, тэхнічных навук і IT-тэхналогій для далейшай рэалізацыі. Абмеркаванне гэтых праектных прапаноў запланавана на 9 сакавіка 2023 года.