Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.02.2023

Адбылася Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове

21 лютага 2023 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Назва дыктоўкі: “Беларусь — краіна-мара”.

З прывітальным словам на мерапрыемстве выступіў Старшыня Прэзідыума Уладзімір Гусакоў, які таксама з’яўляецца аўтарам тэксту дыктоўкі гэтага года. На мерапрыемства зарэгістравалася больш за 2 тысячы чалавек не толькі з Беларусі, але і з ЗША, Германіі, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі.

Сярод арганізатараў Рэспубліканскай дыктоўкі — Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. Рэспубліканская дыктоўка гэтага года прымеркавана не толькі да Міжнароднага дня роднай мовы, але і да Года міру і стваральнай працы.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА для захавання моўнай і культурнай разнастайнасці і адзначаецца штогод 21 лютага.