13 сакавіка 2023 года дэлегацыя НАН Беларусі на чале з галоўным вучоным сакратаром Васілём Гурскім прыняла ўдзел у пасяджэнні Савета па інавацыях Рэспублікі Куба пад кіраўніцтвам прэзідэнта Кубы Мігеля Дыяс-Канель Бермудэса.
Галоўнай тэмай абмеркавання стала фарміраванне і развіццё сацыяльна-эканамічнай мадэлі Беларусі і ўплыў, які на яе аказала кіраванне навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасцю. Галоўны вучоны сакратар Васіль Гурскі і акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін выступілі з дакладамі аб сацыяльна-эканамічнай мадэлі Рэспублікі Беларусь і яе інавацыйнай палітыцы.
Па завяршэнні пасяджэння Савета адбылася асабістая сустрэча Прэзідэнта з членамі дэлегацыі. Па выніках пасяджэння Савета прэзідэнт Кубы даручыў сфарміраваць рабочую групу на чале з намеснікам Прэм’ер-міністра Інэс Марыяй Чапман па вывучэнні вопыту эканамічнага і навукова-інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь з мэтай фарміравання прапаноў па яго выкарыстанні ў Рэспубліцы Куба.
Як адзначыў у інтэрв’ю БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Беларусі Санцьяга Перэс Бенітэс, цяперашні візіт беларускай дэлегацыі на Кубу — вынік інтэнсіўных адносін паміж дзвюма краінамі ў галіне навукі. Ён нагадаў, што летась адбыўся шэраг сустрэч паміж прадстаўнікамі гэтай сферы, якія сталі вельмі выніковымі. У прыватнасці, вынікам візіту беларускай дэлегацыі на Кубу ў лістападзе 2022 года стала падпісанне больш як 30 дакументаў аб супрацоўніцтве паміж навуковымі цэнтрамі дзвюх краін.
8—14 сакавіка 2023 года праходзіў візіт у Рэспубліку Куба дэлегацыі НАН Беларусі на чале з галоўным вучоным сакратаром НАН Беларусі Васілём Гурскім. Члены дэлегацыі правялі сустрэчу з намеснікам Прэм’ер-міністра Інэс Марыя Чапман, наведалі шэраг міністэрстваў, а таксама навуковых і адукацыйных арганізацый Кубы. Сярод іх — кампанія BioCubaFarma; універсітэт інфарматыкі; Міністэрства навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя; Гаванскі тэхнапарк; Міністэрства эканомікі і планавання; Міністэрства вышэйшай адукацыі; Міністэрства прамысловасці, дзе членамі дэлегацыі былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з кубінскімі калегамі.