Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.03.2023

Пленарнае пасяджэнне Кангрэса маладых вучоных Беларусі і Расіі

29 сакавіка 2023 года адбылося пленарнае пасяджэнне — галоўная падзея Кангрэса маладых вучоных Беларусі і Расіі.

У яго працы прынялі ўдзел каля 500 даследчыкаў дзвюх краін. Прывітанні ў адрас удзельнікаў Кангрэса накіравалі прэзідэнты Беларусі і Расіі. Іх зачыталі Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і Барыс Грызлоў, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

З дакладамі і прывітаннямі на Кангрэсе выступілі старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў; Дзмітрый Мезенцаў, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы; прэзідэнт НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Міхаіл Кавальчук, віцэ-прэзідэнт РАН Уладзіслаў Панчанка, намеснік Міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Дзяніс Сякірынскі, член Прэзідыума Савета Рэспублікі Ірына Старавойтава; Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, першы сакратар ЦК ГА «Беларускі саюз моладзі» Аляксандр Лук'янаў, Мікіта Марчанкаў, старшыня Каардынацыйнага савета па справах моладзі ў навуковай і адукацыйнай сферах пры Савеце пры Прэзідэнце РФ па навуцы і адукацыі; Раман Іваноў, дырэктар Навуковага цэнтра трансляцыйнай медыцыны, прарэктар па навукова-тэхналагічным развіцці Універсітэта «Сірыус». Вынікі работы секцый Кангрэса падвёў старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі. У працы Кангрэса прынялі ўдзел кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядучыя навукоўцы дзвюх краін.

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, які выступіў перад журналістамі, назваў Кангрэс маладых вучоных дзвюх краін унікальнай падзеяй. Многія маладыя вучоныя, якія яшчэ ўчора працавалі ў лабараторыях навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, сёння на Кангрэсе ў Мінску звяраюць планы і нараджаюць новыя ідэі. Яны могуць быць выкарыстаны ў развіцці рэальных сектараў эканомікі Расіі і Беларусі і будуць забяспечваць тэхналагічны суверэнітэт і незалежнасць нашых краін. Амбасадар РФ у Беларусі, выступаючы на Кангрэсе маладых вучоных Расіі і Беларусі, адзначыў, што вынікі працы навукоўцаў Саюзнай дзяржавы ўжо «знаходзяць сваё прымяненне ў рэальным сектары эканомікі Расіі і Беларусі». Прэзідэнт НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Міхаіл Кавальчук падкрэсліў: «Узровень развіцця навукі ў Беларусі вельмі добры. У адрозненне ад нас, тут не былі разбураныя савецкія асновы. Вядома, з-за меншых памераў краіны Беларусь не можа сабе дазволіць развіваць такі велізарны спектр навуковых напрамкаў, як Расія. Аднак ключавыя напрамкі навукі ў Рэспубліцы развітыя на высокім сусветным узроўні».

Па выніках працы пленарнага пасяджэння Кангрэса маладых вучоных Беларусі і Расіі яго ўдзельнікі прынялі праект выніковага дакумента Кангрэса.