29 сакавіка 2023 года на базе Фізіка-тэхнічнага інстытута адбылося адкрыццё філіяла Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут» Расійскай Федэрацыі.
Мерапрыемства прайшло ў рамках Кангрэса маладых вучоных Беларусі і Расіі. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Дзмітрый Мезенцаў, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы; Барыс Грызлоў, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь; Прэзідэнт НДЦ «Курчатаўскі інстытут» Міхаіл Кавальчук, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вядучыя навукоўцы дзвюх краін, удзельнікі Кангрэса маладых вучоных.
Міхаіл Кавальчук адзначыў: «Мы падрыхтавалі праект стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Пабудова такой навуковай прасторы з доступам да размешчаных у Расіі комплексаў мегасаенс ідзе вельмі хутка. Ужо сёння нам паступілі заяўкі для далучэння да яго ад цэлага шэрагу былых рэспублік СССР. Тут размесцяцца лабараторыі праектаў мегасаенс, дэтэктараў іанізуючых выпраменьванняў, інавацыйных тэхналогій у мікраэлектроніцы, лабараторыі для правядзення генетычных, а таксама сацыягуманітарных і кагнітыўных даследаванняў». Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што ў гэтай навуковай інфраструктуры будуць удзельнічаць таксама такія буйныя навуковыя цэнтры Расійскай Федэрацыі, як «Сколкава», і аддзяленні Расійскай акадэміі навук. «У нас ёсць матэрыяльныя рэсурсы, кадры і неабходная навукова-даследчая база, каб па цэлым шэрагу напрамкаў Саюзная дзяржава магла лідзіраваць у свеце», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Як было адзначана, філіялу трэба будзе адыграць важную ролю ў забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту нашых краін ва ўмовах санкцыйнай эканомікі.