10 красавіка 2023 г. Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі наведалі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр Пархомчык, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Сяргей Шчарбакоў, намеснік Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь Аляксандр Агароднікаў, кіраўнікі БелАЗ, МТЗ, МАЗ, Белкамунмаша, Магілёўліфтмаша, ММЗ, Белджы, арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з найноўшымі распрацоўкамі Акадэміі навук у сферы машынабудавання і абмеркавалі пытанні дзейнасці навукова-інжынірынгавага цэнтра па аўтамабілебудаванні, які ствараецца на базе Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі.
«Кіраўнік дзяржавы высока ацэньвае навуку і заўсёды адзначае важнасць максімальна хуткага ўкаранення яе дасягненняў у эканоміку краіны. Развіццё айчыннага аўтамабілебудавання — адна з прыярытэтных задач. Кіраўніцтва ўрада нацэльвае навуковую сферу на стратэгічнае бачанне машынабудавання, у тым ліку аўтамабільнай галіны», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Пётр Пархомчык паведаміў, што за апошнія 5–6 гадоў у машыназнаўчай навуцы праведзены вялікі аб’ём працы, атрыманы значныя вынікі, перш за ўсё, у стварэнні ўласных айчынных кампетэнцый, якія неабходна літаральна «раскласці» па вытворчасцях, каб у глабальным сэнсе кожная арганізацыя Акадэміі навук забяспечвала распрацоўкамі канкрэтную нішу прамысловасці. Віцэ-прэм’ер паставіў мэтавую задачу НАН Беларусі і Мінпраму сфарміраваць праграмы работы паміж прадпрыемствамі і акадэмічнымі арганізацыямі, пачынаючы з арганізацый Аддзялення фізіка-тэхнічных навук, з фінансаваннем з боку прадпрыемстваў. «Яшчэ на стадыі навуковай распрацоўкі павінен быць заказчык ад прамысловасці», — адзначыў Пётр Пархомчык.
Удзельнікі мерапрыемства — прадстаўнікі кіраўніцтва і канструктарскіх службаў прадпрыемстваў машынабудавання далі высокую ацэнку вынікам працы з Аб’яднаным інстытутам машынабудавання НАН Беларусі. Тэматыка ўзаемадзеяння — ад разлікаў канструкцый машын і іх вузлоў, дызайну, праектавання, мадэлявання, аптымізацыі да віртуальных і палігонных выпрабаванняў тэхнікі. Выказалі меркаванне аб перспектывах узаемадзеяння з Інстытутам у галіне стварэння высакахуткасных рэдуктараў, сучасных электрарухавікоў, у тым ліку гібрыдных, электронных сістэм кіравання, высокааўтаматызаванай (беспілотнай) тэхнікі.
Асобная ўвага была ўдзелена пытанням электрамабілебудавання, у тым ліку стварэння і пастаноўкі на вытворчасць легкавога аўтамабіля. Намеснік Прэм’ер-міністра, кіраўніцтва Акадэміі навук і Міністэрства прамысловасці адзначылі, што Аб’яднаным інстытутам машынабудавання асвоены тэхналогіі і напрацаваны кампетэнцыі па праектаванні сучасных электрычных сілавых установак для электрамабіляў рознага класа і прызначэння, выкананы шэраг буйных праектаў. Найбольш цікавыя з іх прадстаўляліся на выстаўцы «Беларусь інтэлектуальная». Інстытут гатовы «ўзяцца» за стварэнне айчыннага легкавога электрамабіля на аснове серыйнага шасі (платформы), якое вызначыць Міністэрства прамысловасці. Вопыт стварэння такой тэхнікі ў інстытута ўжо ёсць.
«Разам з вырашэннем пытанняў канструкцыі і кампанентнай базы легкавога аўтамабіля трэба мець уласную айчынную сістэму кіравання як машынай у цэлым, так і яе вузламі і агрэгатамі. Тут неабходна сабраць разам кампетэнцыі навукоўцаў і работнікаў вытворчасці. Такі цэнтр кампетэнцый павінен быць у Аб’яднаным інстытуце машынабудавання. Міністэрства прамысловасці павінна вызначыць, якія прадпрыемствы розных формаў уласнасці падключыць да гэтай працы. Будзем штоквартальна збірацца на розных пляцоўках, абмяркоўваць ход рэалізацыі гэтых пытанняў і прымаць па іх рашэнні», — сказаў на заканчэнне віцэ-прэм’ер.