11 красавіка 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня авіяцыі і касманаўтыкі.
У якасці спікераў ад НАН Беларусі на мерапрыемстве выступілі: Шумілін Аляксандр Генадзевіч — акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі; Віцязь Пётр Аляксандравіч, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, акадэмік і Страшко Ігар Баляслававіч — намеснік дырэктара па вытворчасці УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі. Удзельнікі прэс-мерапрыемства расказалі пра дасягненні Беларусі ў касмічнай галіне.
«Беларусь заўсёды прымала актыўны ўдзел у касмічных даследаваннях. У 2004 годзе ўказам прэзідэнта на НАН Беларусі было ўскладзена правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі, каардынацыі і рэгуляванне дзейнасці ў галіне даследаванняў і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах. У 2012 годзе мы сталі касмічнай дзяржавай, запусціўшы свой першы касмічны апарат. У 2018 годзе быў запушчаны яшчэ адзін спадарожнік, які быў спраектаваны і распрацаваны студэнтамі», — расказаў акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Аляксандр Шумілін. Па словах Аляксандра Шуміліна, у НАН Беларусі ўжо распрацавана навуковая праграма для беларускага касманаўта-даследчыка. «Адпрацоўваецца праграма навуковых даследаванняў пілатаванага палёту», — паведаміў Шумілін. Чакаецца, што беларускі касманаўт правядзе выпрабаванні і даследаванні беларускай апаратуры «САВА». Як адзначыў Шумілін, устаноўка ўжо знаходзіцца на МКС, і, адпраўляючы свайго касманаўта, беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб ён выкарыстаў тое абсталяванне, якое спраектавана і выраблена ў Беларусі. «Абсталяванне прызначана для назірання за Зямлёй з космасу, у тым ліку для даследавання верхніх слаёў атмасферы», — дадаў Аляксандр Шумілін.
Як адзначыў начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, намеснік кіраўніка Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, акадэмік Пётр Віцязь, у рамках работы над гэтым касмічным апаратам сістэматычна праходзяць пасяджэнні рабочых груп з удзелам спецыялістаў дзвюх краін.
Эскізнае праектаванне новага расійска-беларускага спадарожніка цалкам завершана, паведаміў намеснік дырэктара па вытворчасці УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Ігар Страшко. Праца над стварэннем расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з прасторавым разрозненнем 0,35 м адбываецца ў рамках рэалізацыі рашэння, прынятага Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. Па сукупнасці сваіх характарыстык ствараны касмічны апарат з’яўляецца адным з найбольш перспектыўных рашэнняў у свеце. «Ствараецца расійска-беларуская касмічная сістэма. На сённяшні дзень скончана эскізнае праектаванне цалкам», — сказаў Ігар Страшко. Таксама, паводле яго слоў, вырашаны пытанні кааперацыі расійска-беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць мэтавую апаратуру і наземны сегмент, у тым ліку праграмнае забеспячэнне. «Узгоднены план-графік стварэння сістэмы», — дадаў Страшко. Паводле папярэдніх звестак, запуск касмічнага апарата запланаваны на 2028 год.