Завяршыла працу сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ёй прынялі ўдзел каля 400 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, а таксама кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, старшыня ДКНТ Сяргей Шлычкоў, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок і іншыя высокія госці.
Са справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2022 годзе і задачах на 2023 год выступіў Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі. У дыскусіі прынялі ўдзел 16 чалавек: кіраўнікі навуковых арганізацый, вядучыя навукоўцы краіны.
Па выніках работы сесіі прынята за аснову Пастанова Агульнага сходу «Аб выніках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2022 годзе і задачах на 2023 год».
На сесіі Агульнага сходу старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч уручыў узнагароды навукоўцам Акадэміі навук. Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміру Гусакову ўручаны нагрудны знак «За ўклад у развіццё Еўразійскай эканамічнай камісіі». Ганаровыя граматы ЕЭК уручаны акадэміку-сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі акадэміку Аляксандру Кавалёню і дырэктару ДП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргею Залатому. Падзячны ліст ЕЭК уручаны галоўнаму вучонаму сакратару НАН Беларусі Васілю Гурскаму.
Па выніках працы за 2022 год вялікай групе навукоўцаў былі ўручаны ўзнагароды Акадэміі навук. Так, нагрудны знак «Сярэбраны медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «За дасягненні ў навуцы» ўручаны Сяргею Усанаву, галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, доктару хімічных навук, прафесару, член-карэспандэнту. Сяргею Аляксандравічу прысвоена таксама ганаровае званне «Поўны кавалер медалёў НАН Беларусі». Нагруднага знака «Вялікі медаль Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ўдастоены Валерый Ганчароў, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі. Ганаровыя граматы НАН Беларусі ўручаны Генадзю Аронаву, дырэктару Цэнтра геафізічнага маніторынгу НАН Беларусі, і Тамары Корбут, намесніку генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны НАН Беларусі. Сяргею Бахановічу, намесніку дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута матэматыкі НАН Беларусі, аб’яўлена падзяка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.