Пры новых комплексных даследаваннях унікальнай стаянкі эпохі каменнага веку Агова 1 (в. Агова, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) беларускія і расійскія археолагі знайшлі новыя артэфакты ўзростам каля 200 тысяч гадоў. Экспедыцыя міжнародная. З археолагамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі працуюць студэнты факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, навукоўцы Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН (Санкт-Пецярбург) і Інстытута геаграфіі РАН (Масква).
Кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Вашанаў праінфармаваў кіраўніцтва інстытута аб тым, што падчас раскопу стаянкі знойдзены новыя артэфакты. Гэта — крамянёвы чопер, некалькі скрэблаў, адшчэпы. Геолагі пацвярджаюць узрост помніка як мінімум у 200 тысяч гадоў, з магчымасцю аднясення да больш старажытнага часу па выніках дэталёвага вывучэння атрыманых матэрыялаў. На тэрыторыі стаянкі археолагі зачысцілі разрэзы, пачалі работы па адборы ўзораў на грануламетрыю і паліналогію.
Інстытут гісторыі НАН Беларусі разам з расійскімі калегамі пачаў новыя комплексныя даследаванні ўнікальнай стаянкі эпохі каменнага веку Агова 1 (в. Агова, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць). Агова — помнік перыяду ніжняга-ранняга сярэдняга палеаліту, узростам каля 250 тыс. гадоў да н. э., што робіць яго найстаражытнейшым на тэрыторыі Беларусі і адным з самых старажытных у межах Усходняй Еўропы. У працэсе леташніх археалагічных работ знойдзены крамянёвыя прылады з двухбаковай апрацоўкай, чоперы, шматлікія формы дэбітажу, скрэблавідныя і нуклявідныя формы.
Даследаванні вядуцца ў рамках Канцэпцыі фарміравання і рэалізацыі найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў, якая была падрыхтавана па выніках наведвання 3 чэрвеня 2022 г. Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Р. А. Галоўчанкам ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі».
У Канцэпцыі фарміравання і рэалізацыі найбольш значных нацыянальных археалагічных праектаў, падрыхтаваную, у тым ліку, з улікам прапаноў Мінкультуры, абласных выканаўчых камітэтаў і Мінгарвыканкама, выбраны для навуковага вывучэння і далейшага практычнага выкарыстання самыя ўнікальныя аб’екты па ўсіх абласцях краіны. Самымі маштабнымі даследаваннямі 2023 г. у Мінскім раёне стануць раскопкі на археалагічным комплексе на р. Менцы. У Віцебскай вобласці, у Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах, працягнецца комплекснае вывучэнне, у тым ліку метадамі падводнай археалогіі, першабытных паселішчаў Крывінскага тарфяніку, у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці — полікультурны археалагічны помнік перыяду фінальнага палеаліту — ранняга бронзавага веку Какорыца 4.