Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.06.2023

Адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Дасягненні і перспектывы развіцця навукі ў галіне біятэхналогіі ў Рэспубліцы Беларусь»

1 чэрвеня 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Дасягненні і перспектывы развіцця навукі ў галіне біятэхналогіі ў Рэспубліцы Беларусь». У прэс-мерапрыемстве прынялі ўдзел: Эмілія Каламіец — генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», акадэмік НАН Беларусі; Аляксандр Шэпшэлеў — дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі; Андрэй Ганчароў — дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі; Гардзей Гусакоў — дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі. Удзельнікі прэс-канферэнцыі расказалі аб асноўных напрамках развіцця біятэхналогіі ў краіне і ў арганізацыях Акадэміі навук, апошніх дасягненнях вучоных.

Як паведаміла генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Эмілія Каламіец, за мінулы год вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі ў краіне павялічылася на 60 працэнтаў у параўнанні з 2021 годам. Па словах Эміліі Каламіец, у фармацыі вялікі ўсплёск дала эпідэмія каранавіруса. Многія навуковыя ўстановы сталі распрацоўваць сродкі для барацьбы з ім. Ёсць вялікія зрухі і ў прамысловасці.

Дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Шэпшэлеў расказаў журналістам, што ў Акадэміі навук пройдзе канферэнцыя па біятэхналогіях. «Несумненна, за біятэхналогіямі будучыня. Беларускія навукоўцы вельмі цесна кантактуюць у гэтай галіне з навукоўцамі іншых краін. У прыватнасці, для таго каб абмяняцца думкамі, апошнімі дасягненнямі і распрацоўкамі ў сферы біятэхналогій, 6-9 чэрвеня на базе Нацыянальнай акадэміі навук будзе праходзіць XIII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мікробныя біятэхналогіі: фундаментальныя і прыкладныя аспекты”», — адзначыў Аляксандр Шэпшэлеў.

Цэнтр вірусалогіі ў Нацыянальнай акадэміі навук адкрыецца ў найбліжэйшы час, ён будзе вырашаць задачы па распрацоўцы вакцын супраць актуальных захворванняў у самыя кароткія тэрміны. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй Ганчароў. «Праца цэнтра будзе ў першую чаргу накіравана на распрацоўку метадаў дыягностыкі, лячэння і стварэнне самых розных вакцын. Над гэтым будзе працаваць міждысцыплінарны навуковы калектыў. У цэнтры будуць працаваць спецыялісты як у вірусалогіі, так і ў імуналогіі, біятэхналогіях і біяхіміі. Усё гэта забяспечвае магчымасць распрацоўкі вакцын», — сказаў Андрэй Ганчароў.

У сваю чаргу, дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Гардзей Гусакоў расказаў, што навукоўцы плануюць распрацаваць лінейку біялагічна актыўных дабавак. «У інстытута ёсць планы стварыць цэлую лінейку біялагічна актыўных дабавак. Мы зараз вядзём актыўную працу з прадпрыемствам “Акадэмфарм”. Прапрацоўваюцца розныя параметры нашых субстанцый, каб іх можна было вызначаць як біялагічна актыўныя дабаўкі. Можа быць, яны будуць у сухім выглядзе, а можа, і ў вадкім», — сказаў Гардзей Гусакоў.