Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.09.2023

НАН Беларусі наведала дэлегацыя Міністэрства вышэйшай адукацыі Кубы

18 верасня 2023 года ў НАН Беларусі знаходзілася дэлегацыя Міністэрства вышэйшай адукацыі Кубы на чале з намеснікам міністра сп. Рэйналда Веласкесам Зандыварам.

Госці падрабязна азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных НАН Беларусі, якія прадстаўлены на пастаянна дзеючай выстаўцы «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці».

У ходзе сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума НАН Беларусі У. Р. Гусаковым бакі абмеркавалі бягучы стан супрацоўніцтва НАН Беларусі з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі Кубы, а таксама шляхі развіцця ўзаемадзеяння, у тым ліку ў галіне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі, узаемных візітаў спецыялістаў для абмену вопытам і чытання курса лекцый па розных дысцыплінах.

Па выніках перагавораў падпісана Пагадненне паміж НАН Беларусі і Вышэйшай школай дзяржаўных і ўрадавых кадраў Кубы, а таксама Рамачнае пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж ДНУ «Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі» і Гаванскім універсітэтам.