20 верасня 2023 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё XX Міжнароднай навуковай канферэнцыі маладых вучоных «Моладзь у навуцы – 2023». У рабоце канферэнцыі прымаюць удзел маладыя вучоныя, аспіранты, саіскальнікі, магістранты, студэнты Беларусі, якія працуюць у такіх напрамках навукі, як: аграрныя, біялагічныя, медыцынскія, гуманітарныя, фізіка-тэхнічныя, фізіка-матэматычныя, па хіміі і навуках аб Зямлі; а таксама маладыя даследчыкі з Расіі, Арменіі, Манголіі, Узбекістана і іншых краін.
На ўрачыстым адкрыцці форуму Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што за дваццаць гадоў, як праводзіцца канферэнцыя, былі падрыхтаваны не дзясяткі, а сотні маладых вучоных: «Акадэмія выкарыстоўвае ўсе магчымыя спосабы для папулярызацыі навукі. Напрыклад, зусім нядаўна мы правялі маштабны “Фестываль навукі”, упадабаны моладдзю. Усё гэта робіцца для прыцягнення маладых людзей у навуку. Каб яны хутчэй рухаліся па навуковай лесвіцы, абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі. Бо за моладдзю — будучыня. У гэтай зале сёння — будучыя кандыдаты і дактары навук, акадэмікі. Трэба толькі больш актыўна і мэтанакіравана працаваць».
Старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі адзначыў, што канферэнцыя з’яўляецца традыцыйным найбуйнейшым навуковым мерапрыемствам для маладых вучоных нашай краіны і блізкага замежжа. Сёлета яна праходзіць у сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўжо 20-ы раз. «Сімвалічна, што яна прысвечана 95-годдзю НАН Беларусі. У канферэнцыі ўдзельнічаюць каля 400 маладых вучоных з іх праектамі і дакладамі. На працягу трох дзён пройдуць секцыі па ўсіх асноўных навуковых напрамках. Галоўная наша задача — каб маладыя навукоўцы як Акадэміі навук, так і ўніверсітэцкай навукі, а таксама госці з замежжа сустрэліся на нашай пляцоўцы і пазнаёміліся. Для навукоўца вельмі важна завязваць прафесійныя знаёмствы, якія ў наступным вырастуць у сумесныя навуковыя праекты», — сказаў Станіслаў Юрэцкі.
XX Міжнародная навуковая канферэнцыя маладых вучоных «Моладзь у навуцы – 2023» праходзіць у НАН Беларусі 20–22 верасня 2023 года. Мэта канферэнцыі — стымуляванне навукова-тэхнічнага, інавацыйнага патэнцыялу і прэзентацыя праектаў і навуковых распрацовак маладых вучоных, а таксама абмен вопытам і думкамі па шырокім коле навуковых пытанняў. Арганізатарам канферэнцыі выступае Савет маладых вучоных НАН Беларусі.