Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.09.2023

Споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча

21 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча — выдатнага вучонага, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, буйнога арганізатара савецкай і беларускай навукі. Яркае жыццё Мікалая Аляксандравіча — узор служэння навуцы і сваёй Айчыне.

М. А. Барысевіч нарадзіўся ў пасёлку Лучны Мост Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У 1941 годзе таленавіты юнак з «глыбінкі», які з адзнакай скончыў сярэднюю школу, марыў аб універсітэце. Але давялося са зброяй у руках стаць на абарону Радзімы. У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў падпольшчыкам, актыўным удзельнікам партызанскага руху ў Мінскай вобласці, скончыў вайну ў шэрагах дзеючай арміі ў Берліне. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны I ступені» і іншымі медалямі.

У 1950 годзе Мікалай Аляксандравіч скончыў БДУ, а ў 1953-м — аспірантуру Дзяржаўнага аптычнага інстытута імя С. І. Вавілава ў Ленінградзе. У 1954 годзе пасля абароны кандыдацкай дысертацыі ён вярнуўся ў Мінск і стаў адным з арганізатараў Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР.

Шматграннай была навукова-арганізацыйная, дзяржаўная і грамадская дзейнасць М. А. Барысевіча. У маі 1969 г. ён быў абраны прэзідэнтам АН БССР і прапрацаваў на гэтай пасадзе 18 гадоў. За гэтыя гады Акадэмія ўвайшла ў лік найбуйнейшых навуковых цэнтраў.

Вялікі ўклад у навуку акадэміка Барысевіча заслужыў высокую ацэнку. Ён удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь». Мікалай Аляксандравіч Барысевіч стварыў шырока вядомую навуковую школу. Ім падрыхтавана больш за 30 кандыдатаў навук, 12 яго вучняў — дактары навук.

У памяць пра Мікалая Аляксандравіча Барысевіча ў Інстытуце фізікі НАН Беларусі, там, дзе ён прапрацаваў практычна ўсё сваё жыццё, створаны Мемарыяльны кабінет. Штогод праводзіцца конкурс навуковых прац маладых вучоных на саісканні прэміі імя акадэміка М. А. Барысевіча з уручэннем дыплома лаўрэата і памятнага знака. У Музеі гісторыі горада Мінска сфарміравана мемарыяльная калекцыя акадэміка. У жніўні 2023 года па рашэнні Мінгарвыканкама адной з вуліц новага мікрараёна Мінска Паўночны Бераг прысвоена імя акадэміка М. А. Барысевіча.

У дзень 100-годдзя з дня нараджэння адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяльнай дошкі М. А. Барысевіча на будынку Прэзідыума НАН Беларусі. Праведзены Вучоны савет Інстытута фізікі, прысвечаны гэтай даце. Арганізавана выстаўка кніг і работ акадэміка Барысевіча ў Цэнтральнай бібліятэцы НАН Беларусі. Выйшаў спецвыпуск часопіса прыкладной спектраскапіі, прысвечаны юбілейнай даце, і праведзены навуковы семінар у Інстытуце фізікі.