4 кастрычніка 2023 года адбыліся святочныя ўрачыстасці з нагоды 55-годдзя паліклінікі НАН Беларусі. Калектыў з юбілеем павіншавалі першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі, акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук Васіль Богдан, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя. Найлепшым супрацоўнікам былі ўручаны граматы і падзякі.
Паліклініка Акадэміі навук БССР была адкрыта 1 кастрычніка 1968 года. Уласная ведамасная ўстанова аховы здароўя была створана з мэтай паляпшэння медыцынскага абслугоўвання работнікаў, а таксама для паляпшэння арганізацыі прафаглядаў супрацоўнікаў, якія працуюць у шкодных і неспрыяльных умовах навуковых эксперыментаў і даследаванняў, удзельнікаў навуковых экспедыцый. У пачатку дзейнасці паліклінікі было ўсяго 3 кабінеты і 3 тэрапеўты ў галоўным будынку Акадэміі навук для амаль 30 навукова-даследчых арганізацый Акадэміі.
Прайшло 55 гадоў... сёння паліклініка — гэта сучасная шматпрофільная ўстанова аховы здароўя, якая размяшчаецца на трох паверхах асобна вылучанага будынка. 30 дактароў розных спецыяльнасцей, 30 спецыялістаў сярэдняга звяна і крыху менш за 30 работнікаў немедыцынскага профілю. У Акадэмгарадку размяшчаецца фельчарскі пункт аховы здароўя.
Магутнасці паліклінікі дазваляюць прымаць да 300 чал. у змену, матэрыяльна-тэхнічная база налічвае каля 300 найменняў прыбораў і апаратаў вырабаў медыцынскага прызначэння для дыягнастычных і лячэбна-рэабілітацыйных мэт. Звярнуцца па медыцынскую дапамогу можа кожны работнік Нацыянальнай акадэміі навук.
Найважнейшым прыярытэтам у працы калектыву паліклінікі быў і ёсць клопат пра пацыента. Калектыў медыцынскай установы прымае актыўны ўдзел у многіх рэспубліканскіх і гарадскіх акцыях, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя; працуе ў рамках Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». Па выніках работы ўстанова аховы здароўя «Паліклініка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» была неаднаразова занесена на Дошку гонару НАН Беларусі, займала вядучыя месцы па выніках конкурсу па ахове працы сярод арганізацый НАН Беларусі ў адпаведнай групе. Вось ужо некалькі гадоў паліклініка ўваходзіць у склад Аддзялення медыцынскіх навук, што дае пашыраныя магчымасці і перспектывы для развіцця і супрацоўніцтва з многімі акадэмічнымі арганізацыямі.