З 9 па 13 кастрычніка 2023 года ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю ўтварэння Акадэміі навук, НАН Беларусі праводзіць «Тыдзень адчыненых дзвярэй». У рамках акцыі ў ахвотных ёсць магчымасць наведаць навуковыя ўстановы НАН Беларусі ў Мінску і іншых гарадах краіны.
Асаблівую праграму прапануюць арганізацыі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Так, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў. У холе бібліятэкі будзе разгорнута кніжная выстава, на якой можна азнаёміцца з асноўнымі дасягненнямі ў галіне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацоўкамі беларускіх акадэмічных вучоных па важнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук. У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў наведвальнікам будзе прапанавана экскурсія па выставе «САМАРОДАК ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ: да 135-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча». Даведацца цікавыя факты з гісторыі бібліятэкі, адправіцца ў падарожжа па чытальных залах, азнаёміцца з фондамі і сучаснымі напрамкамі дзейнасці можна ў час агляднай экскурсіі. Акрамя таго, наведвальнікі атрымаюць унікальную магчымасць адправіцца на экскурсію па фондах рэдкай і старадрукаванай кнігі.
З гісторыяй акадэмічнай навукі Беларусі можна будзе азнаёміцца ў Музеі гісторыі НАН Беларусі. Музей гісторыі НАН Беларусі з’яўляецца мемарыяльным комплексам гісторыі вышэйшай навуковай арганізацыі Рэспублікі Беларусь і адначасова культурна-асветніцкай установай. На плошчы каля 250 кв. м. размешчана больш за 3,5 тыс. экспанатаў, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця навукі ў Беларусі, стварэнне і развіццё навуковых напрамкаў, навуковую і навукова-практычную дзейнасць вучоных. Ахвотныя змогуць таксама наведаць пастаянна дзеючую выставу «Дасягненні навукі – вытворчасці», археалагічную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісе для арганізаваных груп.
Свой план мерапрыемстваў правядзення Дзён адчыненых дзвярэй падрыхтаваў і Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Маладыя даследчыкі не толькі будуць праводзіць экскурсіі па сваіх навуковых арганізацыях, але і будуць сустракацца са школьнікамі і студэнтамі ў школах і вышэйшых навучальных установах.
Асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы пройдуць у НАН Беларусі 12–13 кастрычніка 2023 года.
13 кастрычніка — Дзень Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 95 гадоў таму назад у гэты дзень была прынята пастанова Цэнтральнага Выканаўчага камітэта і Савета народных Камісараў БССР аб рэарганізацыі Інстытута беларускай культуры ў Беларускую акадэмію навук. А ўжо 14 кастрычніка 1928 года пастанова ЦВК і СНК БССР была апублікавана ў цэнтральных газетах Беларусі.