Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2023

Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі правяло Круглы стол, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння С. А. Косберга (1903—1965)

З 4 па 10 кастрычніка штогод праходзіць Сусветны тыдзень космасу, абвешчаны рэзалюцыяй 54/68 Генеральнай Асамблеі ААН ад 6 снежня 1999 года. Сусветны тыдзень космасу з’яўляецца найбуйнейшым штогадовым мерапрыемствам у свеце, прысвечаным пытанням вывучэння касмічнай прасторы.

У рамках Сусветнага тыдня космасу ў НАН Беларусі быў арганізаваны круглы стол, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння С. А. Косберга. Гасцямі мерапрыемства сталі навучэнцы ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка», выпускніком якой з’яўляецца Косберг.

Сямён Арыевіч Косберг — савецкі інжынер, эксперт у галіне авіяцыйных і ракетных рухавікоў, доктар тэхнічных навук, паплечнік С. П. Каралёва, беларус з горада Слуцка Мінскай вобласці, галоўны канструктар знакамітых РД-0105 і РД-0109 — рухавікоў трэцяй ступені касмічных караблёў. Дзякуючы яго інжынернаму канструктарскаму таленту ўпершыню ў гісторыі была дасягнута другая касмічная хуткасць у 11 кіламетраў у секунду, якая дазволіла пераадолець гравітацыйнае прыцягненне Зямлі і паляцець на прасторы Сусвету.

Арганізатарам круглага стала выступіла Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі, адной з функцый якога з’яўляецца папулярызацыя касмічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Круглы стол быў накіраваны на развіццё ў дзяцей і моладзі цікавасці да навуковых і даследчых праектаў у галіне космасу, прапаганду дасягненняў беларускай навукі ў даследаванні касмічнай прасторы, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

У круглым стале прынялі ўдзел супрацоўнікі ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі. Начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Пётр Віцязь выступіў з паведамленнем аб станаўленні і развіцці касмічнай галіны сучаснай Беларусі, намеснік начальніка ўпраўлення Іван Буча расказаў аб рэалізацыі праекта па касмічным палёце беларускага грамадзяніна на расійскі сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі, дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Сяргей Залатой праінфармаваў удзельнікаў круглага стала аб канструяванні касмічных апаратаў і стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, супрацоўнік УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» Аляксандра Смагіна выступіла з дакладам «Космас з Зямлі і Зямля з космасу» аб выкарыстанні касмічнай інфармацыі з мэтай эканамічнага развіцця.

Навучэнцы ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка» прадставілі вынікі даследаванняў біяграфіі і навуковай дзейнасці ўраджэнца Беларусі, інжынера, канструктара касмічнай тэхнікі С. А. Косберга. Юныя падзвіжнікі космасу творча расказалі, як хлапчук са Слуцка Сямён Косберг, народжаны ў правінцыяльнай сям’і, прайшоў шлях ад радавога рабочага да кіраўніка буйнога канструктарскага бюро па ўдасканаленні авіяцыйных рухавікоў, стаў знакавым канструктарам касмічнай тэхнікі. Мадэратарам мерапрыемства выступіла Ірына Казачок, вядучы спецыяліст упраўлення аэракасмічнай дзейнасці.

Старшыня Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Іван Бараноўскі і старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі Юлія Качурка нацэлілі юных гасцей на поспехі, пажадалі натхнення і ўпартасці ў дасягненні пастаўленых мэт.

Юным даследчыкам космасу і іх кіраўніку выкладчыку фізікі ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка» Максіменка Таццяне Яўгенаўне і навучэнцам падораны кнігі аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ад УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» ўручаны касмічны здымак з Беларускага касмічнага апарата «Позірк з космасу» на Гімназію № 1 г. Слуцка.

Савет маладых вучоных НАН Беларусі запрасіў школьнікаў прыняць удзел у рэспубліканскай канферэнцыі «Першы крок у навуку», якая адбудзецца з 20 па 23 лістапада 2023 г. Дзецям уручаны сувеніры, якія яшчэ доўга будуць нагадваць ім аб знаходжанні ў сценах вышэйшай навуковай арганізацыі краіны.

На заканчэнне ўдзельнікі круглага стала наведалі экспазіцыю Музея гісторыі НАН Беларусі.