Паважаныя калегі! Дарагія сябры!
Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста сардэчна віншую вас з юбілейнай датай — 95-годдзем НАН Беларусі!
13 кастрычніка 1928 года пастановай Цэнтральнага выканаўчага камітэта і Савета народных камісараў БССР Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук.
Другі год мы адзначаем Дзень НАН Беларусі, наша свята. Па сутнасці, акадэмічная навука атрымала свой «Дзень нараджэння», які вырашана адзначаць штогод ва ўрачыстай абстаноўцы з запрашэннем вядучых навукоўцаў.
Як бачым, гісторыя Акадэміі навук неаддзельная ад найважнейшых этапаў развіцця Беларусі, непарыўна звязана з найбуйнейшымі дасягненнямі сусветнай і айчыннай навукі. Сучасныя навуковыя арганізацыі шануюць і працягваюць традыцыі сваіх папярэднікаў.
95 гадоў — добрая нагода падвесці вынікі. Сёння без удзелу навукі немагчыма ўявіць працэсы дзяржаўнага будаўніцтва і дасягненні эканомікі. Навукоўцам належыць вядучая роля ў фарміраванні метадалагічных і тэарэтычных асноў устойлівага развіцця грамадства. Пытанні выхавання і патрыятызму, фарміравання ідэалагічнага падмурка беларускай дзяржавы — таксама зоны адказнасці навуковай супольнасці. Курс на ўсебаковую інтэлектуалізацыю краіны, узяты і падтрыманы кіраўніцтвам Беларусі, дае выразны арыенцір: «Навука — аснова вырашэння бягучых задач і лакаматыў прагрэсу ў стратэгічнай перспектыве».
Сучасная Нацыянальная акадэмія навук функцыянуе як адзіны магутны жывы арганізм. Мы выкарыстоўваем карпаратыўныя і кластарныя падыходы ў пастаноўцы і вырашэнні амбіцыйных задач. Візітнай карткай Акадэміі з’яўляюцца найноўшыя распрацоўкі па шырокім спектры актуальных навукова-тэхналагічных трэндаў. Гэта атамная і аднаўляльная энергетыка, аэракасмічная галіна, штучны інтэлект, лічбавізацыя і рабатызацыя, біятэхналогія і фармацэўтыка, машына- і прыборабудаванне, беспілотны і электратранспарт, новыя кампазіцыйныя матэрыялы і многае іншае.
Выстава навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная», галоўным арганізатарам якой была Акадэмія навук, даказала, што Беларусь — высокаінтэлектуальная краіна. Нашы навукоўцы могуць вырашаць любыя па складанасці задачы: ад стварэння IT-тэхналогій, штучнага інтэлекту і робататэхнікі да касмічных апаратаў, электратранспарту і ваеннага прыборабудавання. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы 20 студзеня 2023 г. у час наведвання выставы, «на самай справе ў нас не толькі для абароны і бяспекі, але і для мірнага жыцця дастаткова ўсяго».
Атрыманыя беларускімі навукоўцамі вынікі з поўным правам можна аднесці да катэгорыі прарыўных. У іх ліку стварэнне сістэмы камп’ютарнага мадэлявання лекавых прэпаратаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, распрацоўка беспілотнага трактара, квадракоптараў і іншых БПЛА, стварэнне ўнікальнага акумулятара (прататып натрый-графенавай цягавай батарэі) і інш.
Жадаю вам, дарагія сябры, новых здзяйсненняў, увасаблення самых смелых ідэй, заваявання новых навуковых вяршынь.
Шчасця, міру, дабрабыту і здароўя вам і вашым блізкім!
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік