13 кастрычніка, намеснік Прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык дэталёва азнаёміўся з экспанатамі выставы «Штучны інтэлект у Беларусі», прымеркаванай да 95-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Віцэ-прэм’ер падрабязна распытаў аб прызначэнні новых распрацовак і перспектывах укаранення, а таксама пра вопыт выкарыстання ўжо ўкаранёных. Ён асабліва падкрэсліў, што рады бачыць на выставе маладых распрацоўшчыкаў, таму што менавіта за імі будучыня краіны.
Асаблівую цікавасць у Пятра Пархомчыка выклікалі наступныя распрацоўкі арганізацый Акадэміі навук: датчык вугла нахілу, распрацаваны ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў», які ўкараняецца ў вытворчасці тэхнікі ААТ «БелАЗ», праграмна-апаратны комплекс сістэмы ідэнтыфікацыі і кантролю фізіялагічнага стану жывёл (распрацоўка НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі).
Віцэ-прэм’ер адзначыў важнасць развіцця ў краіне IT-сферы, штучнага інтэлекту і ўкаранення распрацовак вучоных у рэальны сектар эканомікі. У час візіту быў дадзены шэраг даручэнняў. Так, было даручана актывізаваць завяршэнне і ўкараненне распрацовак Акадэміі навук па штучным інтэлекце ў галіне электратранспарту, дакладнага земляробства, энергетыкі і іншых напрамкаў, па тыражаванні і выкарыстанні распрацовак у прамысловасці.