12 кастрычніка 2023 года ў рамках урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю НАН Беларусі, адбылося адкрыццё архітэктурна-мастацкай кампазіцыі «Залатое кальцо беларускай навукі». Кампазіцыя складаецца з ратонды і скульптур выдатных навукоўцаў Беларусі, заснавальнікаў навуковай думкі: Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Казіміра Семяновіча, Яўстафія Тышкевіча, Яўхіма Карскага і Усевалада Ігнатоўскага. Аўтары праекта: архітэктар — Армэн Сардараў, скульптары — Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выступілі старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, акадэмік Пётр Віцязь, архітэктар Армэн Сардараў, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка.
У час цырымоніі ў нішу архітэктурна-мастацкай кампазіцыі «Залатое кальцо беларускай навукі» была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам, прадаўжальнікам навуковых традыцый Беларусі. На капсуле выгравіраваны надпіс:
«Пасланне нашчадкам
Прытрымліваючыся прынцыпу пераемнасці
і захоўваючы адданасць лепшым традыцыям навуковых школ,
просім накіраваць пасланне вашым нашчадкам,
тым самым ствараючы бесперапынную “вось часу” акадэмічнай навукі
Адчыніць праз 50 год».