Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.10.2023

II Форум і выстава IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі»

12–13 кастрычніка 2023 года адбыўся II Форум IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі».

На ўрачыстым адкрыцці старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў: «Тэхналогіі на аснове штучнага інтэлекту бурна развіваюцца ў нашай краіне. Іх сфера прымянення — практычна ўсе галіны эканомікі. І па-іншаму не можа быць, паколькі свет мяняецца, адбываецца актыўны рух у сучасных тэхналогіях. Цяпер без іх немагчыма ўявіць паўнавартаснае жыццё любога чалавека. А далей, мяркуем, гэта развіццё будзе яшчэ больш хуткім. З дапамогай ШІ ўжо можна праектаваць што заўгодна, нават аналаг інтэлекту, мозгу чалавека, рэдагаваць геном чалавека. І гэта далёка не ўсё. Штучны інтэлект ляжыць у аснове многіх тэхнічных сістэм, арганізацыі бязлюднай вытворчасці. З дапамогай ШІ друкуецца прадукцыя, уключаючы прадукты харчавання, любыя самыя складаныя вырабы — варта толькі задаць праграму. Яму пад сілу творы мастацтва — музыка, паэзія і г. д.»

У рамках Форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў першага адкрытага конкурсу «Лідары штучнага інтэлекту Беларусі». Пераможцам у кожнай намінацыі конкурсу былі ўручаны кубкі і дыпломы I, II і III ступені. Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «Кампанія — лідар штучнага інтэлекту Беларусі»; «Праект — лідар штучнага інтэлекту Беларусі»; «Прадукт — лідар штучнага інтэлекту Беларусі».

У рамках II Форуму IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» 12 і 13 кастрычніка была арганізавана выстава значных айчынных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі. Каля 50 арганізацый краіны прынялі ўдзел у Форуме і прадэманстравалі свае дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту на выставе. Гэта навукова-даследчыя арганізацыі, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне прымянення метадаў штучнага інтэлекту, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, прыватныя кампаніі.

Галоўны арганізатар Форуму і выставы — Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі — прадставіў самыя апошнія распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, медыцыны, біяінфарматыкі, робататэхнікі і маўленчых тэхналогій. Адна з навінак — «Платформа штучнага інтэлекту BELAI.BY» — вэб-праграма для спецыялістаў у сферы штучнага інтэлекту (ШІ) і ўсіх зацікаўленых даследаваннямі і распрацоўкамі ШІ. Можна адзначыць яшчэ адну распрацоўку Інстытута — галасавы AI-асістэнт — платформа з пытальна-адказнымі сістэмамі на беларускай мове, у аснову якіх пакладзены тэхналогіі сістэм распазнавання і сінтэзу маўлення, дыялогавых сістэм. На выставе была прадстаўлена сумесная распрацоўка Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі і НІІПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ — інфармацыйна-аналітычная сістэма падтрымкі прыняцця рашэнняў па выкарыстанні прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на аснове ГІС- і Web-тэхналогій і даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Адна з навінак выставы — распрацоўка «Штучны нейрон» — была прадстаўлена Інстытутам фізікі НАН Беларусі імя Б. І. Сцяпанава. Штучны імпульсны нейрон на аснове оптаэлектроннай пары «вертыкальна-выпраменьвальны лазер — аднафатонны лавінны фотадыёд» прызначаны для распрацоўкі і мадэлявання штучных імпульсных нейронных сетак трэцяга пакалення шырокага прымянення.

РУП «Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў» НАН Беларусі прадставіў на выставе беспілотныя лятальныя апараты «Бусел МКР» і «Гексакоптар-1», абсталяваныя найноўшым апаратна-праграмным комплексам айчыннай распрацоўкі, які спалучае ў сабе тэхналогіі штучнага інтэлекту, што дазваляе эфектыўна вырашаць пры дапамозе БЛА такія задачы, як: аўтаматычнае суправаджэнне рухомых аб’ектаў і вызначэнне іх бягучых каардынат; выяўленне месцаў росту інвазійных раслін; выяўленне пасеваў нарказмяшчальных раслін; аператыўная эколага-функцыянальная дыягностыка стану іглічных лясоў (выяўленне ўчасткаў усыхання і хвароб лесу).

У рамках Форуму адбыўся Круглы стол «Прававыя і маральныя аспекты рэгулявання прымянення тэхналогій штучнага інтэлекту», 26-е пасяджэнне Экспертнага савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (Экспертны савет МПА СНД – РСС). Адбылася ўрачыстая цырымонія далучэння новых удзельнікаў да Кодэкса этыкі ў сферы штучнага інтэлекту, пасяджэнне «Актуальныя пытанні развіцця штучнага інтэлекту ў Рэспубліцы Беларусь».

Мэта форуму ІТ-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» — дэманстрацыя дасягненняў у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі; развіццё і каардынацыя супрацоўніцтва навукоўцаў і спецыялістаў, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне прымянення метадаў штучнага інтэлекту, у інтарэсах пошуку эфектыўных рашэнняў і практычных рэкамендацый па іх ужыванні ў розных сферах жыццядзейнасці.