12 кастрычніка 2023 года Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі адзначыў сваё 70-годдзе! На юбілейнай канферэнцыі «ФУНДАМЕНТАЛЬНЫЯ І ПРЫКЛАДНЫЯ НАВУКІ – МЕДЫЦЫНЕ» сабраліся навукоўцы вядучых навуковых акадэмічных і медыцынскіх цэнтраў Беларусі і Расіі. У рабоце канферэнцыі прыняў удзел намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік А. У. Кільчэўскі, перспектыўныя напрамкі навуковых даследаванняў і развіцця інстытута прадставіў акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук прафесар В. Г. Богдан. Акадэмік У. А. Кульчыцкі расказаў аб гістарычных этапах станаўлення інстытута і яго дасягненнях. У праграме канферэнцыі прадстаўлены даклады ў галіне нейрафізіялогіі, біялагічнага мадэлявання паталагічных працэсаў, касмічнай медыцыны, штучнага інтэлекту, медыцынскіх адытыўных тэхналогій.
Ганаровымі граматамі Прэзідыума НАН Беларусі ўзнагароджаны калектыў Інстытута фізіялогіі, вучоны сакратар Т. А. Хрусталёва і загадчык лабараторыі фізіялогіі харчавання і спорту Т. Б. Мелік-Касумаў. Граматамі Аддзялення медыцынскіх навук, Аддзялення біялагічных навук адзначаны супрацоўнікі Інстытута, падзякамі — ветэраны, чый працоўны шлях у арганізацыі налічвае 50 і больш гадоў.