Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.10.2023

Адбылася прэс-канферэнцыя: «Генетычны пашпарт жыхароў Беларусі: раскрыццё генетычнай прыроды доўгажыхарства, даследаванні ў галіне генетыкі старэння і даўгалецця»

18 кастрычніка 2023 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя «Генетычны пашпарт жыхароў Беларусі: раскрыццё генетычнай прыроды доўгажыхарства, даследаванні ў галіне генетыкі старэння і даўгалецця». Ад НАН Беларусі ў прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Павел Марозік і вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі экалагічнай генетыкі і біятэхналогій Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Алена Міхаленка.

Павел Міхайлавіч расказаў, для чаго неабходны генетычны пашпарт і аб распрацаваных сумесна з медыцынскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь методыках ацэнкі рызыкі і прафілактыкі 19 сацыяльна значных захворванняў. Алена Міхаленка назвала фактары, якія ўплываюць на працягласць і якасць жыцця: генетычныя асаблівасці чалавека; лад жыцця; стан прыроды, г. зн. навакольнае асяроддзе; і сацыяльная сфера, якая ўключае ахову здароўя і догляд пацыентаў. «Але мы не павінны забываць, што наш лад жыцця, наша харчаванне, наша фізічная актыўнасць сапраўды гэтак жа ўплываюць і залежаць ад нашых генетычных асаблівасцей», — адзначыла Алена Пятроўна.

Павел Марозік таксама паведаміў аб працы па ўзгадненні новага сумеснага праекта НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі і навукі РФ у рамках працягу саюзнай праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя». У рамках другой праграмы генетыкі Беларусі і Расіі плануюць вывучаць генную ідэнтыфікацыю раслін, жывёл і рыбы, а таксама мікробы глебы. «Гэтая праграма цяпер будзе праходзіць узгадненне. Акрамя таго, Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў для ўдзелу ў праграме “Вірусалогія”, якая таксама знаходзіцца на этапе ўзгаднення», — падзяліўся Павел Міхайлавіч.