Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.10.2023

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшоў «Тыдзень бацькоўскай любові», прымеркаваны да Дня маці і Дня бацькі

Пярвічная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» НАН Беларусі сумесна з Аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў НАН Беларусі і Саветам маладых вучоных на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа правялі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым святам.

Адбылася выстава-дэгустацыя «Цяпло тваіх чароўных рук», на якой работнікі апарату НАН Беларусі і падпарадкаваных ёй арганізацый прадставілі свае кулінарныя шэдэўры. Беларускі пісьменнік В. Шніп зачытаў свае вершы, прысвечаныя маме.

Праведзены круглы стол са шматдзетнымі бацькамі з ліку акадэмічных работнікаў і кулінарная віктарына «Сняданак для таты». У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў — шматдзетныя бацькі Багдан В. Г., Бараноўскі І. А., Гулякевіч М. Л. і шматдзетная сям’я Таранавых, якія выхоўваюць пяцярых дзяцей, малады бацька С. С. Юрэцкі і акадэмік П. А. Віцязь. Усе аднагалосна сышліся ў меркаванні, што бацькоўства раскрывае ў мужчыне патрэбу і здольнасць абараняць і прымаць на сябе адказнасць за сваю сям’ю.

Шматдзетныя бацькі звярнулі асаблівую ўвагу на ролю мужчын у выхаванні і сацыялізацыі дзяцей, падзяліліся вопытам іх выхавання. П. А. Віцязь заклікаў усіх не спыняцца на дасягнутых дэмаграфічных выніках. Падводзячы вынікі сустрэчы, усе ўдзельнікі сышліся ў меркаванні, што неабходна захоўваць і ўмацоўваць сямейныя каштоўнасці, весці здаровы лад жыцця і перадаваць нашым дзецям шчаслівы вопыт мацярынства і бацькоўства!