Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

25.10.2023

НАН Беларусі і Кітайская нацыянальная касмічная адміністрацыя падпісалі дэкларацыю аб супрацоўніцтве па Міжнароднай Навуковай Месяцовай Станцыі

23 кастрычніка 2023 года НАН Беларусі і Кітайская нацыянальная касмічная адміністрацыя* падпісалі сумесную дэкларацыю аб супрацоўніцтве па Міжнароднай Навуковай Месяцовай Станцыі. Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і кіраўнік Кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыі Чжан Кэцзянь (Zhang Kejian).

Згодна з сумеснай дэкларацыяй, бакі будуць развіваць супрацоўніцтва ў працэсе стварэння і эксплуатацыі Міжнароднай Навуковай Месяцовай Станцыі. Напрамкамі супрацоўніцтва будуць з’яўляцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў галіне тэхнікі і тэхналогій касмічнага прымянення, новых матэрыялаў і электроннай кампанентнай базы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі навуковых кадраў і спецыялістаў. Па ўзаемнай дамоўленасці бакі могуць вызначаць іншыя напрамкі супрацоўніцтва.

У час відэасустрэчы Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што ў нашай краіне касмічная сфера па напрамках інфармацыйна-камунікацыйных і авіякасмічных тэхналогій, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, касмічнага прыборабудавання і электроннай прамысловасці вызначана як адна з прыярытэтных сфер інавацыйнага развіцця Беларусі, якая прадугледжвае шырокую інтэграцыю беларускіх навуковых арганізацый і прамысловых прадпрыемстваў касмічнай галіны ў рамках міжнародных навукова-тэхнічных праектаў з дружалюбнымі дзяржавамі. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі асабліва адзначыў важнасць далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў аэракасмічнай сферы і гатоўнасць беларускіх навукоўцаў да яго развіцця ў рамках кітайска-расійскага праекта па стварэнні Міжнароднай Навуковай Месяцовай Станцыі. Гэты праект накіраваны на ўмацаванне навукова-даследчага ўзаемадзеяння і прасоўвання даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы з мірнай мэтай у інтарэсах усяго чалавецтва. «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацікаўлена самым актыўным чынам удзельнічаць у гэтым праекце, і мы ўпэўнены, што сумесная дзейнасць у сферы космасу стане адным з прыярытэтаў нашага супрацоўніцтва. Сёння мы маем шанц для ўмацавання ўзаемавыгаднай працы, для выхаду на новы ўзровень нашых адносін. Перакананы, што падпісанне сумеснай дэкларацыі забяспечыць далейшае пашырэнне ўзаемавыгаднай кааперацыі паміж нашымі краінамі — стратэгічнымі партнёрамі на карысць эканомік дзвюх краін», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Кіраўнік кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыі Чжан Кэцзянь адзначыў неабходнасць актывізацыі дзейнасці па распрацоўцы сумесных праектаў і прыцягнення беларускага боку ў кітайскія праграмы па даследаванні далёкага космасу. Чжан Кэцзянь выказаў гатоўнасць наведаць Беларусь і Акадэмію навук для знаёмства з вынікамі даследаванняў у галіне касмічных тэхналогій і запрасіў кіраўніка НАН Беларусі наведаць КНР з мэтай азнаямлення з дасягненнямі кітайскіх навукоўцаў і спецыялістаў у гэтай сферы.

Па выніках відэасустрэчы дасягнута дамоўленасць аб распрацоўцы Дарожнай карты супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Кітайскай нацыянальнай касмічнай адміністрацыяй па канкрэтных навукова-тэхнічных праектах у рамках стварэння і эксплуатацыі Міжнароднай Навуковай Месяцовай Станцыі.

*Кітайская нацыянальная касмічная адміністрацыя (CNSA) была заснавана ў 1993 годзе і з'яўляецца ўрадавай арганізацыяй Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая адказвае за кіраванне касмічнай дзейнасцю ў грамадзянскіх мэтах і міжнароднае касмічнае супрацоўніцтва.